Апазіцыя правядзе пробныя праймерыз адзінага кандыдата ў Бабруйску
Зладзіць народнае галасаванне плануецца ў дзень выбараў у мясцовыя саветы.
Пра гэта паведаміў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Па яго словах, якія перадае interfax.by, "у спісе прэтэндэнтаў на ролю адзінага кандыдата будзе 10-15 прозвішчаў". Прычым 90% — гэта людзі з вядомымі прозвішчамі і з прэзідэнцкімі амбіцыямі, у тым ліку экс-кандыдаты, заявіў Лябедзька. Разам з тым палітык адзначыў, што ў спіс могуць трапіць і людзі, якія мала вядомыя ў апазіцыйным асяроддзі.
Лябедзька заяўляе, што "правядзенне праймерыз у дзень галасавання на мясцовых выбарах з'яўляецца легітымным і з юрыдычнага пункта гледжання правамерным". Кампанія па правядзенні праймерыз у Бабруйску пачнецца за некалькі тыдняў да дня галасавання.
Адной з галоўных мэтаў праймерыз лідар АГП назваў актыўнае ўцягванне людзей у палітычныя працэсы. У наш час, прызнаў ён, колькасць апазіцыі малая і змены ў Беларусі падаюцца нерэальнымі.
Фота — oblvesti.ru