Аператар НТВ: Нас вывезлі ў лес, адабралі сімкі і касеты

Аператар здымачнай групы праграмы “ЧП.Расследование” тэлеканала НТВ Юрый Бабенка расказаў Еўрарадыё падрабязнасці таго, як іх з карэспандэнтам Аляксеем Малковым высылалі з Беларусі. — Раскажыце, як насамрэч разгортваліся падзеі?
— Тое, што я прачытаў у Інтэрнэце, практычна ўсё праўда. Але не ўсё.

А што няпраўда, альбо — не зусім дакладная інфармацыя?
— Няпраўда тое, што нас вывезлі ў аэрапорт. Нас вывезлі да мяжы, у горад Ворша. Там падвезлі да самога цягніка, перадалі з рук у рукі, канфіскавалі сім-карткі з мабільных тэлефонаў. І да самой Масквы мы былі без сувязі — не маглі ні з кім звязацца.

А як адбывалася вашае знаёмства з беларускімі спецслужбамі? Наколькі гэта было нечакана?
— Мы іх заўважылі ўжо з самай раніцы — КДБ вяло нас ад раніцы. Мы вярнуліся ў гатэль гадзіне а 15, паабедалі і гадзінаў каля 18 выйшлі папаліць — у гатэлі не паляць. Заўважылі, што сітуацыя ўскладняецца, фургоны з’явіліся. Архітэктура гатэлю такая, што там адна сцяна цалкам шкляная. Мы жылі на трэцім паверсе. Скрозь гэтую сцяну мы ўбачылі, што ў наш бок накіроўваюцца чалавек 8 у міліцэйскай форме і чалавек 10 — у цывільным. Так што асабліва нечаканым іх візіт не быў. Нас пасадзілі ў фургон, вывезлі за горад не зразумела чаму, дапыталі і вывезлі ў Воршу. А там ужо пасадзілі на цягнік.

Страшна было, калі ўбачылі, што вас вязуць не ў КДБ, а ў лес? Асабліва ўлічваючы тэму вашага рэпартажу — пра зніклых у Беларусі?
— А ты як думаеш?!

Не пыталіся ў суправаджальных, чаму вас вязуць у невядомым накірунку?
— Нам адказалі: “Ва ўтульнае месца пагаварыць”.

І пра што гаварылі?
— Афіцыйная версія: што мы без акрэдытацыі знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі.

Не было размоў пра тое, што няма чаго лезці ў палітыку? Маўляў, навошта вы ўзнялі гэтую тэму?
— Чаму ж — пыталіся пра тое, што здымалі, з кім гаварылі. Цікавіліся, пра што канкрэтна ішла гутарка. Я сказаў, што нічога не чуў і нічога не ведаю.

Згодна з беларускім заканадаўствам, за гэтае парушэнне вас могуць на 5 гадоў пазбавіць магчымасці прыязджаць у Беларусь. Ці не пагражалі такім пакараннем?
— Не, пра гэта размова не ішла. Нам вярнулі практычна ўсё абсталяванне, за выключэннем касет са знятым матэрыялам. Ну, і сім-картак.

Атрымліваецца, што фільма пра зніклых у Беларусі не будзе?
— Фільм, магчыма, будзе. Гэта пытанне да кіраўніцтва. Нам паабяцалі вярнуць касеты.

Чаму вы вырашылі працаваць у Беларусі без неабходнай акрэдытацыі ў МЗС?
— Гэта не ў маёй кампетэнцыі, я не магу адказаць.

Не ведаеце, чаму толькі зараз тэлеканал НТВ вырашыў звярнуцца да тэмы зніклых у Беларусі — упершыню за 10 гадоў?
— Гэтага я таксама сказаць не магу. Я аператар: у мяне ёсць заданне і я яго выконваю.

Калі прапануюць ізноў ехаць у Мінск на здымкі — пагодзіцеся?
— А чаго адмаўляцца — прыгожая краіна, прыгожы горад.

Ветлівыя спецслужбы…
— Ага, ветлівыя… Вельмі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі