Апошняе графіці на “сцяне Шчоткінай” пратрымалася рэкордны час

Апошняе графіці на “сцяне Шчоткінай” пратрымалася рэкордны час

Надпіс “Хто дазволіў усім астатнім самім сабе дазваляць”, які з’явіўся на “сцяне Шчоткінай” на мінулых выхадных, замалявалі толькі ў сераду 19 красавіка. Гэта абсалютны рэкорд для сацыяльных графіці на бетонным плоце ў раёне будынка па вуліцы Карла Маркса, 11 у Мінску. Невядомыя нават паспелі пераўтварыць графіці ў дошку аб’яваў, прапанаваўшы пакупку любых манет, грашовыя крэдыты і прыём золата.

Сваю назву “сцяна Шчоткінай” атрымала, дзякуючы першаму графіці — партрэту экс-міністра працы Марыяны Шчоткінай з надпісам, што гэта яна прыдумала падатак на беспрацоўе. Калі работнікі ЖЭСа знішчылі гэты партрэт, на яго месцы з'явіўся надпіс "Вы ж самі ўсё разумееце". З таго часу невядомыя графіцісты стала спаборнічаюць з ЖЭСам. На сцяне ўжо з'яўляліся партрэты старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча і фраза Марціна Лютара Кінга "Ніколі не забывайце: усё, што рабіў Гітлер у Германіі, было законным". Але ўсе яны замалёўваліся ўжо на наступны дзень пасля з’яўлення.

У іншых месцах горада невядомыя мастакі таксама размяшчалі сацыяльныя графіці: напрыклад, міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча ў форме НКУС, старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі — у вобразе тэлепузіка і іншыя.

Заўважыўшы журналіста Еўрарадыё, супрацоўніца ЖЭС павярнулася і спыталася навошта той яе фатаграфуе. А потым дадала: "Мяне ўжо і так пяць разоў у інтэрнэце паказвалі"!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі