Апроч канфіскаванай машыны — штраф, 20% заробку, аплата штрафстаянкі

Першы аўтамабіль канфіскавалі 13 лістапада ў нецвярозага кіроўцы. Такое рашэнне прыняў суд Першамайскага раёна сталіцы. Прычым уся гісторыя заняла роўна месяц: 14 кастрычніка кіроўца FIAT трапіўся супрацоўнікам ДАІ першы раз, 24 кастрычніка пачаў дзейнічаць закон аб канфіскацыі аўто, 27 кастрычніка — паўторнае затрыманне з 1 праміле алкаголю ў крыві, 13 лістапада — суд і канфіскацыя аўто.

Але толькі стратай машыны фінансавыя выдаткі 28-гадовага мінчаніна не абмяжоўваюцца.

Паводле слоў старшыні суда Першамайскага раёна Мінска Тамары Высоцкай, парушальніку прысудзілі 39 мільёнаў штрафу. Сёння гэта звыш 4 тысяч долараў. І выплаціць іх былы аўтааматар павінен цягам… аднаго месяца! Інакш — чакай у госці судовых выканаўцаў з грузчыкамі.

Тамара Высоцкая: “Цягам месяца выплачвацца. Альбо выходзяць судовыя выканаўцы для прымусовага спагнання і апісваюць маёмасць. Глядзяць, што там у яго ёсць у кватэры, і гэтак далей. Звычайны парадак выканання (судовага рашэння. Еўрарадыё)”.

І гэта яшчэ не ўсё. Апроч штрафу, былы аўтааматар паўтара года будзе аддаваць дзяржаве штомесяц 20% ад свайго заробку. Менавіта столькі яму прысудзілі папраўчых работ па месцы працы.

Тамара Высоцкая: “З заробку будзе выплачвацца працэнт — 20%. Цяпер стала больш жорсткая санкцыя, там ёсць рознага кшталту пакаранні — яны ідуць з пазбаўленнем права кіравання і штрафам. Такое вось патройнае пакаранне”.

Дзе працуе і колькі атрымлівае герой першай справы аб канфіскацыі, у судзе не кажуць. Але калі зыходзіць з таго, што сярэдні заробак у Мінску, паводле Мінфіна, складае 727 долараў, то за паўтара года з пакаранага аўтааматара вылічаць звыш 2600 долараў.

Канфіскаваны аўтамабіль выставяць на продаж праз 10 дзён — калі пазбаўлены машыны кіроўца не абскардзіць прысуд і ён набудзе моц. А да гэтага часу машына будзе стаяць на штрафстаянцы. Хто аплаціць гэтую паслугу?

“Уладальнік хто ж яшчэ будзе аплачваць?! Уладальнік, гаспадар”, — здзіўляецца пытанню намеснік начальніка аддзела ДАІ Першамайскага раёна сталіцы Андрэй Шармалайкін.

                  Канфіскаваны FIAT Stilo

У колькі абыдуцца вам суткі “захоўвання” ўжо практычна не вашага аўто на стаянцы, суразмоўца Еўрарадыё не ведае — ніколі гэтым не цікавіўся. Даводзім да ведама, што за стаянку цягам 1-3 дзён давядзецца заплаціць па 50 тысяч рублёў за кожныя суткі, цягам 4-10 дзён — па 30 тысяч, калі машына будзе стаяць звыш 10 дзён, то заплаціць папросяць па 20 тысяч за дзень.

Што ў выніку маем? Канфіскаваны трохдзверны FIAT Stilo сёння каштуе каля 6 тысяч долараў. Плюс — 4 тысячы долараў штрафу і 2600 долараў — адлічэнні з заробку. Як мінімум 200 тысяч рублёў за штрафстаянку і, верагодна, давядзецца заплаціць 400 тысяч рублёў за эвакуатар, які даставіў тады яшчэ вашу машыну на гэтую платную стаянку. Не зашмат?

“Гэта сярэдняя сума штрафу, з улікам яго матэрыяльнага становішча, — тлумачыць пазіцыю суда Тамара Высоцкая. — Вось калі гэта будзе нейкі дырэктар фірмы на дарагой машыне… Карацей, мы глядзім, каб матэрыяльная становішча было сувымерным штрафу. Тысячу базавых велічынь чалавеку, які працуе, да прыкладу, мантажнікам, можа і не трэба прызначаць — відавочна невыканальна. Усё гэта ўлічваецца судом”.

І дадае, што “кодэкс ідзе ў накірунку гуманізацыі пакарання” — не за краты чалавека адпраўляюць, а больш рублём штрафаваць імкнуцца. Праўда, калі “рубля” таго на выплату штрафу няма, то могуць быць і краты. Прынамсі, у бліжэйшай будучыні гэта верагодна.

Тамара Высоцкая: “Даўгавой ямы” ў нас няма, але магчыма, што будзе! Ужо будуць змены ў заканадаўства, магчыма, агучаныя, па якіх будуць арышт прымяняць у дачыненні да даўжнікоў, якія не плацяць”.

Колькі дакладна кіроўцаў за месяц дзеяння закона аб канфіскацыі было затрымана нецвярозымі паўторна, пакуль не вядома. Але згодна са словамі намесніка начальніка аддзела ДАІ Першамайскага раёна сталіцы Андрэя Шармалайкіна, толькі іх аддзел накіраваў у Следчы камітэт матэрыялы на 5 такіх парушальнікаў.

Фота: auto.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі