Аўгустоўскі канал сёння без віз наведалі першыя замежныя турысты

Аўгустоўскі канал сёння без віз наведалі першыя замежныя турысты

Першымі турыстамі, якія прыехалі на Аўгустоўскі канал без візаў, сталі прадстаўнікі польскай дэлегацыі на чале з маршалкам Падляшскага ваяводства Ежы Лешчынскім. Як перадае БЕЛТА, маршалак перасек беларуска-польскую мяжу ў пункце пропуску “Лясная-Рудаўка”.

Польскую дэлегацыю сустракаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Беларускі чыноўнік адзначыў, што гэта значная падзея не толькі для рэгіёну, але і для ўсёй краіны. Краўцоў таксама заявіў, што грамадзяне іншых краін таксама выяўляюць цікаўнасць да Аўгустоўскага канала і пакідаюць заяўкі на візіт у парк у турфірмах і на спецыялізаваным сайце.

З 26 кастрычніка замежныя турысты могуць без візаў наведваць Гродзенскую вобласць, а дакладна — турыстычна-рэкрэацыйны парк “Аўгустоўскі канал”. Адпаведная норма закладзеная ў дэкрэце Аляксандра Лукашэнкі: дакумент набывае моц акурат сёння. Замежнікі змогуць без візы прыехаць у Беларусі на тэрмін да пяці дзён, аднак пры пэўных умовах. Каб перасячы мяжу на пераходах “Кузніца – Брузгі” і сезонным памежным пераходзе на Аўгустоўскім канале “Рудаўка-Лясная”, трэба загадзя заявіць, якія канкрэтна месцы на тэрыторыі Гродзенскай вобласці турыст хацеў бы наведаць.

Устанаўленне бязвізавага парадку наведвання Аўгустоўскага канала павінна садзейнічаць павелічэнню турыстычнага патоку на тэрыторыю парка, працоўнай занятасці мясцовага насельніцтва, прыцягненню інвестыцый у развіццё інфраструктуры парка, правядзенню буйных міжнародных турыстычных і спартыўных мерапрыемстваў.

Правіла наконт бязвізавага рэжыму на Гарадзеншчыне будзе дзейнічаць да канца будучага года. Ад зацікаўлення турыстаў залежыць, ці будзе яно ўведзенае на неабмежаваны час.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі