Аўтарка “Гары Потэра” сварылася ў Твітэры па-руску
Брытанская пісьменніца Джаан Роўлінг, найбольш вядомая як аўтарка серыі кніг пра Гары Потэра, падчас сваркі ў Твітэры перайшла на рускую мову. Гэта адбылося ў каментарах да рэплікі вядомага бізнэсмена Арана Бэнкса, якога называюць галоўным спонсарам “Брэксіта”.
Як піша meduza.io, Роўлінг адказвала на рэпліку Бэнкса пра яе нядаўні твіт наконт “Брэксіта”. Днямі пісьменніца заявіла, што кожнага разу, калі выходзіць са свайго пісьменніцкага пакоя і глядзіць навіны, “адбываецца нешта ідыёцкае”. Гэтым разам яе раззлавалі словы прэм’ер-міністра Тэрэзы Мэй пра тое, што прыхільнікі паўторнага рэферэндума па выхадзе з ЕС хочуць “адмяніць волю народа”. “Хто, на яе думку, будзе галасаваць? Кітайцы?” — напісала Роўлінг.
Бэнкс паспрабаваў высмеяць рэпліку Роўлінг і напісаў: “Пісьменніцкі пакой! Ці можна ўявіць пра сябе болей…”
Тады Роўлінг напісала па-руску пра “сціпласць” Бэнкса, які абедаў з “падазрона заможнымі расіянамі”.
.@Arron_banks Ага, зато этот человек скромный аж некуда — деньги вкладывает не в писательские кабинеты, а в дорогие ланчи с подозрительно богатыми россиянами. pic.twitter.com/XDkVYv8Q9v
— J.K. Rowling (@jk_rowling) November 30, 2018
У дачыненні Бэнкса нядаўна распачалося расследаванне праз фінансаванне кампаніі за “Брэксіт”. Паводле брытанскіх СМІ, да і пасля рэферэндума аб “Брэксіце” Аран Бэнкс неаднаразова сустракаўся з расійскімі дыпламатамі і бізнэсменамі, у тым ліку расійскім амбасадарам Аляксандрам Якавенкам, высланым па падазрэнні ў шпіянажы дыпламатам Аляксандрам Удодам і бізнэсменам Сіманам Паваронкіным, які прапаноўваў Бэнксу паўдзельнічаць у праекце па здабычы золата.