Азаранка атрымала падарунак ад Лукашэнкі (фота)
17 кастрычніка ў Мінску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і найлепшай беларускай тэнісісткі, былой першай ракеткі свету Вікторыі Азаранкі. БЕЛТА паведамляе, што яна прайшла "ў цёплай атмасферы". Лукашэнка цікавіўся "фізічным станам спартсменкі, яе планамі па ўдзеле ў адказных турнірах". У Вікторыі, як вядома, былі траўмы, з-за чаго яна неаднаразова спыняла ўдзел у тэнісных турнірах. Яна распавяла кіраўніку дзяржавы, што ў гэтым годзе "завяршыла ўдзел у турнірах і ў бліжэйшы час пачне падрыхтоўку да гульняў будучага года".
Аляксандр Лукашэнка і Вікторыя Азаранка "абмеркавалі пытанні развіцця тэнісу ў Беларусі і ўвогуле сусветныя тэндэнцыі ў гэтым відзе спорту". Тэнісістка атрымала кветкі і нейкі падарунак.
З афіцыйнага паведамлення незразумела, хто быў ініцыятарам сустрэчы і якая была яе мэта. Але падобна на тое, што Азаранка звярнулася да Лукашэнкі з нейкай просьбай/прапановай. Калі б была ініцыятыва кіраўніка дзяржавы, то сустрэча адбылася б напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, а не цяпер. На жаль, у Instagram i Twitter Вікторыі пра сустрэчу няма нічога, толькі ў Вконтакте яна змясціла афіцыйнае паведамленне, фоты БЕЛТА, СТБ ды відэа з навінаў аднаго з тэлеканалаў.
Фота: БЕЛТА, СТБ