Бабарыка падаў на Лукашэнку заяву ў Цэнтрвыбаркам
Прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Віктар Бабарыка падаў у Цэнтрвыбаркам зварот з пералікам фактаў парушэння заканадаўства падчас выбарчай кампаніі.
Бабарыка пералічвае факты, калі работнікаў прымушаюць падпісвацца за вылучэнне дзейнага кіраўніка Беларусі. Таксама звяртае ўвагу на агітацыю, якую вёў Аляксандр Лукашэнка і абразы іншых прэтэндэнтаў.
Бабарыка пералічвае факты, калі работнікаў прымушалі падпісвацца за Лукашэнку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, Гродзенскім шклозаводзе "Нёман", Магілёўскім дзяржуніверсітэце, Брэсцкай дзіцячай абласной лякарні, мінскім тралейбусным парку №4 ды інш.
Як прыклад агітацыі супраць канкурэнтаў ён прывёў выступ Лукашэнкі 29 траўня на Мінскім трактарным заводзе, які шырока асвятлялі СМІ. Тады Лукашэнка крытычны выказаўся не толькі на адрас Бабарыкі, але і іншых прэтэндэнтаў
"Такім чынам, я, Бабарыка В. Д., быў абвінавачаны ў тым, што нібыта распаўсюджваю не адпаведную рэчаіснасці інфармацыю ("дробны блеф і падман"), а таксама ў тым, што мая выбарчая кампанія фінансуецца замежным капіталам, што з'яўляецца безумоўнай падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата прэзідэнта", — піша прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду.
Ён просіць ЦВК праверыць парушэнні з боку ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. Калі пацвердзіцца выкарыстанне службовага становішча з боку кіраўніка дзяржавы — адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.
Калі выяівіцца прымус да подпісаў за Лукашэнку, Бабарыка прапануе лічыць несапраўднымі ўсе такія падпісныя лісты.
Былы кіраўнік "Белгазпрамбанка" просіць даць яму магчымасць публічна выступіць з абвяржэннем ілжывых звестак ва ўсіх СМІ і на ўсіх тэлеканалах, па якіх былі распаўсюджаныя заявы Лукашэнкі.
Таксама ён просіць даць магчымасць сваім зборшчыкам подпісаў такі ж доступ, які мае ініцыятыўная група Лукашэнкі — у парцоўны час і на працоўных месцах.
"Мы хочам зразумець: калі гэта дапушчальна — значыць, гэта дапушчальна для ўсіх кандыдатаў. То бок, я магу дакладна так сама выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс ўсіх прадпрыемстваў? Сапраўды гэтак жа магу абразліва або няправільна выказвацца пра ўсіх прэтэндэнтаў у прэзідэнты і мне таксама за гэта нічога не будзе? Калі мы атрымаем пацверджанне гэтага, значыць, будуць вось такія выбары", — патлумачыў Бабарыка ў каментары TUT.by.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.