Бацькі: “Учора дзеці па даведку да педыятра праседзелі ў чарзе дзве гадзіны”
Здароўе
Адміністрацыі школ будуць патрабаваць даведку ад лекара — нават калі дзіцё адсутнічала на занятках праз хваробу ўсяго адзін дзень, расказалі Еўрарадыё бацькі школьнікаў.
“І ў паліклініках навучэнцам 10-11 класаў цяпер даведкі заднім днём не адкрываюць. Для іх цяпер усё трэба афармляць паводле прынцыпаў бальнічнага ў дарослых”, — кажуць занепакоеныя бацькі.
Нам тлумачаць: раней да педыятра можна было прыйсці праз 3-4 дні пасля таго, як дзіцё захварэла. Лекар удакладняў, з якога дня школьнік не наведваў заняткаў — і гэтай датай адкрываў даведку. Такім чынам дзіцё з тэмпературай магло ўнікнуць шматлікіх гадзін чакання ў чарзе да лекара.
“А цяпер — усё, нельга”, — расказваюць нам бацькі школьнікаў.
І прыводзяць прыклад вынікаў такога падыхода: надоечы дзеці па звычайную даведку ў школу праседзелі ў чарзе да педыятра 2 гадзіны.
У адной са школ на агульным сходзе бацькоў сказалі, што прапусціць тры дні заняткаў у чвэрці можна без даведкі ад лекара — паводле заявы ад бацькоў. Раней такім чынам можна было прапусціць 5 дзён у чвэрці.
Пры гэтым у Міністэрстве аховы здароўя па-ранейшаму рэкамендуюць на час роста ўзроўня захворванняў рэспіраторна-віруснымі інфекцыямі дапусціць адсутнасць на ўроках цягам пяці дзён без даведкі. Такая норма працуе для дарослых: Мінздароўя рэкамендуе не патрабаваць у іх даведку пра хваробу, калі прапушчана не больш за тры працоўныя дні. Гэта дапамагае зменшыць нагрузку на лекараў і чэргі ў паліклініках.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.