Башыраў і Пятроў знайшлі новую працу — Bellingcat
Руслан Башыраў і Аляксандр Пятроў / Інтэрфакс
Меркаваныя супрацоўнікі ГРУ Анатоль Чэпіга і Аляксандр Мішкін, больш вядомыя як Руслан Башыраў і Аляксандр Пятроў, у цяперашні час працуюць на Крэмль, паведаміў чэшскаму выданню Novinky.cz Хрыста Грозеў, журналіст-даследчык выдання "Bellingcat".
Паводле яго слоў, Башырава і Пятрова ўзялі на дзяржаўную службу, паколькі яны больш не могуць працаваць шпіёнамі.
"Яны цяпер — важныя прадстаўнікі Крамля, так бы мовіць, для розных расійскіх рэгіёнаў", — адзначыў журналіст. Іншыя падрабязнасці ён паабяцаў паведаміць пазней.
Прозвішчы Башырава і Пятрова сталі вядомыя пасля атручвання ў Вялікабрытаніі былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў 2018 годзе. Брытанская выведка сцвярджала, што да гэтага замаху датычныя расійскія спецслужбы. У адказ на расійскім тб з'явілася інтэрв'ю з двума мужчынамі, якія заявілі, што Башыраў і Пятроў іх сапраўдныя прозвішчы, а ў Солсберы, дзе жыў Скрыпаль, яны апынуліся выпадкова. Паводле іх слоў, гэта была турыстычная паездка.
Сёлета пра Башырава і Пятрова загаварылі ў Чэхіі. Там лічаць, што гэтыя людзі могуць быць датычныя да выбухаў на складах боепрыпасаў у вёсцы Врбеціцы ў 2014 годзе. Тады загінулі два чалавекі. Прага абвясціла Башырава і Пятрова ў вышук.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.