Што сказалі "афіцэры ГРУ" Башыраў і Пятроў пра паездку ў Солсберы (відэа)

Што сказалі "афіцэры ГРУ" Башыраў і Пятроў пра паездку ў Солсберы (відэа)

Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў, падазраваныя брытанскімі ўладамі ў датычнасці да атручвання ў сакавіку 2018-га ў Солсберы былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі, далі першае інтэрв'ю (расійскаму тэлеканалу RT). Напярэдадні яго анансаваў Уладзімір Пуцін. Што сказалі Пятроў і Башыраў? Пацвердзілі, што гэта іх сапраўдныя прозвішчы (хаця і не паказвалі дакументы), заявілі пра "фантастычнае і фатальнае супадзенне".

Паводле слоў мужчын, яны сапраўды былі 4 сакавіка ў Солсберы, але гэта была турыстычная паездка. У Лондане было цёплае надвор'е, і яны вырашылі ў той дзень зноў паехаць у горад, у якім жыў Скрыпаль (каб наведаць... сабор). Але яны яго не ведалі, не ведалі, дзе яго дом, сцвярджаюць мужчыны. І атруты, кажуць, не мелі. "Можа, і праходзілі міма, можа, і не праходзілі, я не ведаю", — сказаў Башыраў.

Мужчыны ў інтэрв'ю выказалі спадзяванне, што брытанскія ўлады знойдуць сапраўдных злачынцаў, а ім прынясуць прабачэнні. Бо па словах Руслана Башырава, іх жыццё "перакулілі з ног на галаву... зламалі".

Брытанская паліцыя агучыла імёны падазраваных у замаху на Скрыпалёў на мінулым тыдні. Былі паказаныя фота і відэа перамяшчэння расіян у сакавіку 2018-га ў Лондане і Солсберы. Мяркуецца, што яны нанеслі атрутнае рэчыва "Навічок" на дзвярную ручку дома Скрыпаля, пасля чаго вярнуліся на радзіму. Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй заявіла, што згаданыя асобы праходзяць службу ў ГРУ Генштабу Узброеных сіл РФ. Яна прыгразіла Расіі новымі санкцыямі. Яшчэ ў сераду расійскі прэзідэнт заявіў, што Пятроў і Башыраў — "грамадзянскія людзі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі