Байдачны абвінаваціў у нядаўнім правале нашых футбалістаў… Фабія Капэла

Пасля таго, як Георгій Кандрацьеў заявіў пра сыход з нацыянальнай зборнай, цікавімся ў вядомага футбольнага спецыяліста Анатоля Байдачнага, кім папярэдняга настаўніка можна замяніць. Нагадаем, што сам Байдачны ачольваў зборную Беларусі з 2003 па 2005 гады.

Навошта Кандрацьеву сыходзіць? Гэта эмоцыі, наша такое выхаванне. Цяпер нават Германія дрэнна гуляе. Такое ўражанне, што прыйдзе нейкі старык-Хатабыч, і ўсё зменіцца”, ― здзіўляецца Анатоль Байдачны рашэнню свайго калегі.

У няўдалых матчах з Украінай і Славакіяй Анатоль Байдачны бачыць негатыўны ўплыў…Фабія Капэла, трэнера зборнай Расіі.

“Ён арганізаваў зборы іх каманды. З-за Капэла перанеслі тур чэмпіянату Расіі, ― працягвае Анатоль Байдачны. ― Раз клубы там не гулялі, нашы футбалісты прыехалі дадому. Гульцы былі выбітыя з клубаў, не мелі ні гульнявой практыкі, ні падрыхтоўчай. У Беларусі іх спрабавалі трэніраваць, збіраць. А нехта ў той жа час ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі гуляў. Цэльнай каманды для падрыхтоўкі не было”.

Еўрарадыё: У мінулым адборачным цыкле зборная выступала дрэнна. Але тады было заяўлена, што каманда працуе на перспектыву. І вось настаў новы адборачны цыкл і вынік пагоршыўся яшчэ больш. Многія заўзятары крытыкуюць Кандрацьева за дзіўную расстаноўку гульцоў, незразумелыя тактычныя рашэнні.

Анатоль Байдачны: Вось вы і многія так кажуць, таму што не знаходзяцца ўнутры каманды. Ніводзін трэнер не вораг сабе. Калі паўабаронца аказваецца на месцы нападаючага ― гэта не таму што трэнер не любіць нападаючых. Проста футбалістаў такога амплуа няма, і трэнер шукае магчымасці, як гэта кампенсаваць. Вялікі кадравы голад. Я разумею, што вы маеце на ўвазе Брэсана ў матчы са славакамі. Яму тлумачылі, як згуляць, але ён, відаць, зразумеў па-іншаму, не змог згуляць у гэтай пазіцыі. У нас на многіх пазіцыях ёсць футбалісты, якія не выступаюць нават у сваіх клубах. Не маюць гульнявой практыкі.

Еўрарадыё: У той жа час, два беларускія клубы у групавой стадыі еўракубкаў. БАТЭ, складзены з беларусаў, перамагае топавы клуб іспанскай лігі…

Анатоль Байдачны: “Атлетык-Більбаа” цяпер не вельмі сур’ёзная каманда, паверце. Яна заходзіцца ўнізе турнірнай табліцы і, напэўна, будзе прэтэндаваць на вылет. У падгрупе, дзе гуляе БАТЭ, ёсць толькі адна сур’ёзная каманда, на маю думку. Гэта “Порту”. Цяпер і данецкі “Шахцёр” не вельмі моцны. Таксама нашы клубы трапляюць у групавыя стадыі еўракубкаў, дзякуючы рэформе Плаціні. Падчас кваліфікацыі мы не трапляем на моцныя клубы. Гэта робіцца наўмысна для развіцця футбола ў Еўропе. Хоць безумоўных заслуг БАТЭ гэта не прыніжае.

Еўрарадыё: Якія меры варта прыняць, каб гульня і вынік нашай зборнай не былі такімі тужлівымі?

Анатоль Байдачны: Гэта банальна ўсё, але ёсць самая простая прычына. Звяртаць увагу трэба на дзіцяча-юнацкі футбол. Дзяцей у нас часам трэніруюць людзі, якія не разбіраюцца ў футболе. Футбалісты добрага ўзроўню не ідуць у трэнеры, бо, напэўна, там нізкая зарплата. А прыходзяць трэніраваць людзі, якія згодныя на гэтыя умовы. У выніку ў нас вырастаюць…. Паглядзіце, мы цяпер у юнацкіх спаборніцтвах нічога не выйграем. Увогуле нічога. Апошні годнага ўзроўню футбаліст, якога мы вырасцілі, ― гэта быў Глеб. А пасля яго нічога не вырасцілі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі