BBC паказала верагодны маршрут руху вагнераўскіх калон у Беларусь
База ПВК "Вагнер" у Расіі / РИА Новости
Вялікая калона аўтамабіляў прыбыла ў лагер, размешчаны ў Асіповіцкім раёне за 100 кіламетраў ад Мінска, пацвярджае ВВС са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі.
"Аналіз BBC Verify паказвае, што дзясяткі аўтамабіляў заязджаюць у лагер у вёсцы Цэль — закінутую вайсковую базу на поўдні Беларусі. Папярэднія спадарожнікавыя здымкі, атрыманыя BBC Verify, паказалі, што за два тыдні ў Цэлі паставілі каля 300 намётаў", — пішуць журналісты.
Журналісты паказалі на карце магчымы маршрут калон вагнераўцаў з расійскага Молькіна ў беларускую Цэль.
Сёння маніторынгавая група "Беларускі Гаюн" паведаміла, што на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца 2-2,5 тыс. наймітаў.
Адначасова ў тэлеграм-каналах, звязаных з ПВК "Вагнер", апублікавалі кадры, на якіх нібыта намаляваны прыспушчаны сцяг групоўкі на іх галоўнай трэніровачнай базе ў Молькіна на поўдні Расіі. Сцягі часам апускаюць падчас закрыцця вайсковай базы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.