"Бегчы ў абменнікі рана": Вадзім Іосуб пра санкцыі і дэвальвацыю

Санкцыі / nash-dom
Санкцыі / nash-dom

"Простым укладчыкам, якія выкарыстоўваюць плацяжы ў Беларусі ў замежнай валюце, захоўваюць грошы ў валюце ў банках, у перспектыве паўгода-год, напэўна, варта памяняць банк. Як мінімум на той, які не прысутнічае ў санкцыйных спісах", — разважае старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

У жывым эфіры Еўрарадыё эксперт таксама растлумачыў, чаму крызіс не заўсёды суправаджаецца ростам курса валюты і як будуць дзейнічаць санкцыі на беларускую эканоміку.

“В обменники бежать рано”: Вадим Иосуб о санкциях и девальвации
Вадзім Іосуб / Еўрарадыё

Засакрэчванне афіцыйнай статыстыкі

Цяпер можна гаварыць, хутчэй, пра псіхалагічны эфект санкцый, пра эфект ад чакання таго, калі яны могуць запрацаваць на поўную сілу. З увядзеннем санкцый, як мы ведаем, сур'ёзна была закрыта эканамічная статыстыка. Тое, што датычыцца экспарту нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў, тытункі і гэтак далей. Праблема ў тым, што мы можам не бачыць поўнай карціны. Або ў нас будзе поўная адсутнасць звестак, або ў нас будуць, напрыклад, звесткі пра якое-небудзь сур'ёзнае скарачэнне экспарту.

Прычым дэ-факта гэты экспарт можа ісці праз нейкія пасярэдніцкія структуры, расійскія кампаніі. Напрыклад, са спробай ператаможкі, каб не паказваць вытворцу гэтых тавараў. Якасць эканамічнай статыстыкі ў кожным разе сур'ёзна ўпадзе.

І калі літаральна некалькі гадоў таму асабліва ніхто не сумняваўся ў афіцыйных лічбах ВУП, то пры спробе сур'ёзна засакрэціць статыстыку, закрыць экспарт ужо паўстане пытанне: а як наогул ставіцца да афіцыйных звестак і па экспарце ў прыватнасці, і па ВУП у цэлым.


Як паўплываюць санкцыі на банкі

З аднаго боку, санкцыі датычацца толькі пэўнага класа аперацый, а менавіта — забароны на крэдытаванне на тэрмін больш за 90 дзён. Але на практыцы санкцыі працуюць так, што многія заходнія контрагенты не будуць удавацца ў дэталі, што можна, а што нельга. На ўсялякі выпадак лепш трымацца далей ад банкаў, якія трапілі пад санкцыі.

Ну а сур'ёзныя праблемы паўсталі ў аднаго банка — у Абсалютбанка, які асобна згаданы ў амерыканскіх санкцыях. Што ж да іншых дзяржаўных банкаў, там праблемы гібрыдныя. З аднаго боку, мы рэгулярна чуем гісторыі, што хтосьці не змог атрымаць плацеж з-за мяжы ад замежнага контрагента, а хтосьці не змог адправіць плацеж. Але пры гэтым не было інфармацыі, што наогул застапарыліся плацяжы ў замежнай валюце, у доларах, у еўра.

На сайтах дзяржаўных банкаў, прынамсі да нядаўняга часу, была адкрыта інфармацыя пра банкі-карэспандэнты, пра тыя банкі, праз якія яны праводзяць аперацыі ў доларах, у еўра. Па некаторых дзяржбанках можна было заўважыць, як контрагенты змяняюцца. З аднаго боку, сыходзяць такія контрагенты, як Deutsche Bank, буйныя амерыканскія банкі. Але святое месца пустое не бывае. На іх месца прыходзяць іншыя контрагенты, у прыватнасці еўрапейскія дочкі расійскіх дзяржбанкаў.

Калі яны будуць гатовыя абслугоўваць плацяжы беларускіх дзяржбанкаў, то калапсу не ўзнікне. А вось будуць яны гатовыя ці не — гэта будзе залежаць ад механізма другасных санкцый. Гэта значыць, пакуль гэта бяспечна для іх бізнесу, расійскія дзяржбанкі з задавальненнем падставяць плячо беларускім дзяржбанкам. Прычым не за дзякуй, а за камісію. Але калі практыка пачне рэалізоўвацца так, што ў еўрапейскіх, у амерыканскіх рэгулятараў могуць узнікнуць пытанні да гэтых расійскіх банкаў, то яны перастануць аказваць паслугі па правядзенні плацяжоў у валюце.

Тады можа паўстаць сапраўды калапс. Калі зыходзіць з такіх прагнозаў, то простым укладчыкам, якія выкарыстоўваюць плацяжы ў Беларусі ў замежнай валюце, захоўваюць грошы ў валюце ў банках, у перспектыве паўгода-год, напэўна, варта памяняць банк як мінімум на той, які не прысутнічае ў санкцыйных спісах.


Ці варта бегчы ў абменнікі

“В обменники бежать рано”: Вадим Иосуб о санкциях и девальвации
Чэргі ў абменнік / Еўрарадыё

Тут, напэўна, той рэдкі выпадак, калі ад мяне можна пачуць — рана. Калі глядзець не на штодзённыя ваганні долара, а на крыху больш працяглую перспектыву, то долар цяпер прыблізна на 3% таннейшы, чым у пачатку года, прыблізна на 1% таннейшы, чым ён быў год таму. Калі гаварыць пра еўра, то еўра і зусім на 8% таннейшае, чым у пачатку года.

У цэлым у нас цікавасць да курса валют крыху гіпертрафаваная. Зразумела чаму. Гістарычна для нас усякі эканамічны крызіс суправаджаўся дэвальвацыяй, і, уласна кажучы, слова "дэвальвацыя" стала сінонімам эканамічнага крызісу.

Хоць на самай справе ўсе гэтыя дзівосы могуць праходзіць паасобку. Гаворачы з пункту гледжання абывацеля, крызіс — гэта зніжэнне пакупной здольнасці, гэта зніжэнне яго даходаў у рэальным выражэнні. Калі чалавек на свой заробак можа купіць менш, чым ён мог купляць раней. Вось гэта для яго персанальны крызіс. Калі для большасці людзей такое адбываецца, то можна гаварыць, што гэта крызіс у краіне.


Чаму не расце курс валюты

Зніжэнне пакупной здольнасці не абавязкова павінна суправаджацца ростам курса замежных валют. Раней часцяком так і адбывалася. Чаму? Тады ў адказ на ўсякі крызіс дзяржава спрабавала заліць яго беларускімі рублямі. Чаму не плацяць заробак, чаму заробак зніжаецца? Таму што ў прадпрыемстваў не стае грошай. А давайце надрукуем грошай, раздамо іх прадпрыемствам — і тут жа зарплата з'явіцца, і тут жа зарплата вырасце.

Так не раз адбывалася ў мінулым, і гэта не вынаходка беларускага ўрада. Ёсць маса ўрадаў у свеце, пачынаючы ад Аргенціны, заканчваючы Венесуэлай або Іранам, якія час ад часу да такіх рэцэптаў звярталіся.

Больш за тое, гэтыя рэцэпты ў мінулым нават крыху працавалі. Надрукавалі грошай і паднялі заробкі — гэта на нейкі час дазваляла павялічыць заробкі насельніцтва, у тым ліку ў валютным эквіваленце. Больш за тое, гэта спрыяла дэвальвацыі беларускага рубля, росту курса і дапамагала беларускім экспарцёрам. Беларускі тавар станавіўся на знешніх рынках таннейшы, попыт на яго рос. І наогул, праз год-два пасля такой аперацыі можна было адчуваць сябе нядрэнна.

Цяпер нават пры нястачы рублёў да друкавання грошай не звяртаюцца. Што змянілася з тых часоў? Значна вырас дзяржаўны доўг, а большая частка дзярждоўгу ў валюце, вельмі моцна вырасла запазычанасць прадпрыемстваў, прычым таксама ў валюце. Гэта значыць, калі б прадпрыемствы былі б вінныя ў рублях, дзяржава была б вінная ў беларускіх рублях, надрукаваць рублі і вярнуць гэтыя даўгі было б выйсцем. А валюту надрукаваць дзяржава не можа.

Калі мы надрукуем рублі і вырасце курс валюты — гэта значыць, што дзяржаве стане складаней абслугоўваць свой дзярждоўг, прадпрыемствам стане складаней абслугоўваць свае валютныя крэдыты. То-бок гэта асабліва нічога не вырашыць, зробіць усім толькі горш. Таму ў гэтых умовах не друкуюць актыўна рублі і не расце актыўна курс замежнай валюты.


А што здарыцца, калі санкцыі запрацуюць?

Нават калі санкцыі пачнуць дзейнічаць, гэта само па сабе не прывядзе да гарантаванай дэвальвацыі. Здавалася б, дзіўна: санкцыі могуць закрануць экспартныя галіны, экспарт калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў. Быццам бы валюты ў краіне стане менш. А цяпер уявім сабе, што адначасова з памяншэннем валюты ў краіне ў прадпрыемстваў, якія зарабляюць рублі, памяншаецца рублёвая выручка.

Гэтым прадпрыемствам няма з чым ісці на біржу. Калі паралельна з развіццём крызісу ў людзей памяншаюцца рублёвыя заробкі, то гэтым людзям няма з чым бегчы ў абменнікі. Цалкам магчыма намаляваць такі варыянт развіцця падзей, калі санкцыі балюча б'юць. Экспарт зніжаецца, ВУП зніжаецца, валюты ў краіне менш, а дэвальвацыя ўсё роўна не адбываецца.

Дэвальвацыя адбываецца толькі тады, калі валюты мала, а рублёў шмат. І калі ёсць або прадпрыемствы, або насельніцтва, або і тыя і другія, гатовыя бегчы на біржу, гатовыя бегчы ў абменнікі гэтую валюту купляць.

Будзе дэвальвацыя ці не, залежыць не ад дынамікі ВУП, нават не ад таго, наколькі жорстка адаб'юцца на эканоміцы санкцыі, залежыць ад таго, ці захоча ўрад заліць гэтыя праблемы рублямі або не захоча. А зыходзячы з таго, што ўсё ж многія праблемы звязаныя з валютнымі даўгамі, то заліць гэтыя праблемы рублямі немагчыма ў прынцыпе.

Гэта дае вельмі высокі шанц на тое, што рэзкай дэвальвацыі ўсё ж не будзе. Але як бы гэта не падстава супакойвацца і радавацца. Калі хтосьці, напрыклад, працуе ў IT-галіне, зарабляе ў валюце, яму наогул усё роўна, будзе дэвальвацыя ці не будзе.

Калі ж хтосьці зарабляе ў рублях, пры гэтым яго могуць звольніць, скараціць, перавесці на няпоўны дзень або проста паменшыць яму рублёвы заробак, то жыццё такога чалавека пагоршыцца і без усялякай дэвальвацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі