Беларусь адклікае амбасадараў з Польшчы і Літвы "для кансультацый"
Беларускі МЗС патрабуе, каб амбасады Польшчы і Літвы ў нашай краіне скарацілі колькасць дыпламатаў, якія працуюць у Беларусі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
"Зважаючы на адназначную дэструктыўную дзейнасць з боку названых краін, ім прапанавана да 9 кастрычніка прывесці да парытэту з беларускімі замежнымі ўстановамі ў адпаведных краінах склад сваіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі", — цытуе словы Анатоля Глаза партал TUT.by.
У літоўскай амбасадзе, па словах прэс-сакратара, павінна застацца 15 дыпламатаў замест 25, у польскай — 18 замест 50.
Анатоль Глаз таксама паведаміў, што з 5 кастрычніка для кансультацыяў у Мінск адклікаюць амбасадараў Беларусі ў Польшчы і Літве. Беларусь прапанавала, каб амбасады Польшчы і Літвы зрабілі гэтак жа.
Прэс-сакратар заявіў, што на гэты крок афіцыйны Мінск пайшоў вымушана "выключна праз асаблівую дэструктыўную ролю, якую вырашыла на практыцы адыгрываць кіраўніцтва Польшчы і Літвы ў дачыненні да Беларусі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.