Беларусь гатовая да дыялогу з NATO
Беларусь гатовая да дыялогу з NATO. Такую заяву падчас наведвання Вайсковай акадэміі зрабіў Аляксандр Лукашэнка. Ён сустракаўся з выкладчыкамі і курсантамі ды выказаўся на актуальныя тэмы.
"Як суверэнная дзяржава Беларусь гатовая да канструктыўнага дыялогу, у тым ліку і з Паўночнаатлантычным блокам на прынцыпах парытэтнасці і празрыстасці, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Мы сябе не адгароджваем плотам ні ад каго. Мы гатовыя весці гэты дыялог".
Беларускі кіраўнік нагадаў, што ў нашай краіны ёсць свае інтарэсы. Таму краіны ці структуры-партнёры, калі хочуць супрацоўнічаць, павінны гэта паважаць. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь застанецца верная мірнай знешняй палітыцы, нягледзячы на актывізацыю ў Еўропе NATO. Ён нагадаў пра сумесную абарончую дактрыну са стратэгічным партнёрам — Расіяй. "Гэта наш асноўны саюзнік. Мы заўсёды будзем разам, колькі б мы ні лаяліся, ні спрачаліся", — сказаў Лукашэнка.