Беларусь гатовая замяніць Еўропу ў пастаўках прадуктаў у Расію
Пра гэта заявіў у чацвер першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Марыніч.
"Для нас гэта кландайк. Мы гатовыя замяніць заходнія краіны па многіх пазіцыях у частцы харчавання", — перадае РІА "Новости" словы Марыніча.
Беларусь разлічвае, у прыватнасці, сур'ёзна павялічыць пастаўкі ў Расію сыроў, мяса і цэльнага малака. Таксама беларускія аграрыі, па словах Марыніча, могуць рабіць дадатковыя пастаўкі гародніны, каб замясціць галандскую бульбу і польскія яблыкі.
Нагадаем, што ў сераду Уладзімір Пуцін прыняў указ, які забараняе ці абмяжоўвае пастаўку ў Расію сельскагаспадарачай прадукцыі, прадуктаў харчавання і сыравіны з краін, якія ўдзельнічаюць у санкцыях супраць Расіі. Пералік забароненых прадуктаў абяцаюць апублікаваць сёння ў другой палове дня.
Фота — belaruspartisan.org