Беларус на Майдане: Падабенства Майдана і Плошчы — у адсутнасці лідара
Чаму беларусы едуць на чужы ды небяспечны Майдан, у чым падабенства сённяшняй Украіны і Беларусі, распавядае беларускі актывіст Майдана Дзяніс Івашын.
Еўрарадыё: На сваёй старонцы ў сацсетках вы напісалі, што былі знаёмыя з Міхасём Жызнеўскім, які загінуў на Грушэўскага ў Кіеве. Калі, дзе і якім чынам вы пазнаёміліся?
Дзяніс Івашын: Ён сам на мяне выйшаў на Майдане — я ўвесь час хаджу з бел-чырвона-белым сцягам. Ён падышоў, загаварыў і такім чынам мы пазнаёміліся. І кожны раз, як сустракаліся, коратка перамаўляліся.
Еўрарадыё: Ён распавядаў вам сваю гісторыю: якім чынам апынуўся ва Украіне, чаму стаў сябрам УНА-УНСО?
Дзяніс Івашын: Без асаблівых удакладненняў ён распавёў, што былі праблемы з беларускімі ўладамі і таму ён быў вымушаны з’ехаць і хавацца ва Украіне. Казаў, што ўступіў ва УНА-УНСО таму, што лічыць сябе ўкраінскім нацыяналістам — гэтак сама, як і беларускім. Такі баявы быў хлопец. Па шчырасці, мы больш гаварылі пра тое, што на той момант адбываецца на Майдане, чым ўзгадвалі часы мінулыя.
Міхась Жызнеўскі
Еўрарадыё: Чым ён займаўся на Майдане — там жа не толькі пад сцэнай людзі стаяць ды слухаюць прамоўцаў і музыкаў?
Дзяніс Івашын: Ён у “Самаабароне” удзельнічаў. “Самаабарона Майдана” — гэта такая арганізацыя, якая забяспечвае парадак, забяспечвае ахову ад “цітушак”, увесь час знаходзіцца на пастах, на барыкадах. Менавіта гэтым ён і займаўся, амаль пастаянна быў пры справе.
Еўрарадыё: Магчыма, вы былі побач, калі загінуў Міхась, ці чулі ад відавочцаў, як гэта здарылася?
Дзяніс Івашын: Побач з ім я не быў, на жаль. Ведаю, што падчас сутычак з “Беркутам” на Грушэўскага куля трапіла яму ў грудзі, проста ў сэрца.
Еўрарадыё: Як на Майдане ставяцца да версій, што з’явіліся пасля таго, як загінулі ад куль першыя пратэстоўцы, што іх, нібыта, застрэлілі свае — каб стварыць “пакутнікаў Майдану” і даць новы штуршок пратэстным настроям?
Дзяніс Івашын: Ведаеце, такія правакацыі з боку ўлады адбываюцца пастаянна. Вы ж, напэўна, чулі пра тое, як збілі журналістку Таццяну Чарнавол? Адразу пачалі казаць, што гэта нібыта “свабодаўцы” (сябры Украінскай нацыянальнай партыі “Свабода”. — заўв. Еўрарадыё) зрабілі, што, нібыта, гэта самі апазіцыянеры адмыслова робяць такія правакацыі, каб мабілізаваць народ. Але насамрэч гэта ўсё робіць улада, ёсць доказы. У выпадку са збіццём Таццяны Чарнавол — былі арыштаваныя 6 чалавек, якія маюць дачыненне да пэўных спецслужб. Людзі ўсё гэта на ўласныя вочы бачаць і выдатна разумеюць, хто насамрэч за гэтым стаіць.
Еўрарадыё: Хто на самой справе стаў завадатарам сілавога супрацьстаяння на Грушэўскага? Шмат пісалі пра тое, што гэта нейкія невядомыя і незразумелыя правакатары.
Дзяніс Івашын: Зараз у тым супрацьстаянні бярэ ўдзел самы звычайны народ. Прычым гэта не толькі, як кажуць, “западэнцы” — людзі прыязджаюць з усёй Украіны, каб змагацца з рэжымам Януковіча. Не, ад самага пачатку там быў “Правы сектар” — аб’яднанне розных нацыяналістычных груповак Украіны. І за першыя два дні супрацьстаяння яны на Грушэўскага “паклалі” увесь свой авангард — больш за 300 чалавек былі параненыя.
Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце тое, што сёння адбываецца ў Кіеве: сілавое супрацьстаянне ці гэта ўжо — грамадзянская вайна?
Дзяніс Івашын: Сілавое супрацьстаянне — пра грамадзянскую вайну нават гаворкі няма! Супрацьстаянне з “Беркутам” і ўнутранымі войскамі. Якія выкарыстоўваюць не толькі тыя спецсродкі, якія ім паводле інструкцыі дазволеныя, але я сам бачыў, як яны тыя ж “кактэйлі Молатава” кідаюць у натоўп — натоўп гарыць. Гэта вельмі драматычна…
Еўрарадыё: Вядома, што шмат беларусаў было на мірным Майдане, але ці шмат іх там застаецца зараз?
Дзяніс Івашын: Вельмі шмат! Па колькасці пасля ўкраінцаў мы — другі кантынгент. Беларусы ўваходзяць і ў ахову Майдана. Тут ёсць “Ахова Майдана” і ёсць “Самаабарона Майдана” — гэта крыху розныя арганізацыі. Ёсць нават такая спецслужба Майдана — “Мядзведзь” называецца. Там колішнія афганцы, спецназаўцы і там таксама беларусы ёсць. Шмат беларусаў у медычнай дапамозе Майдана, шмат беларусаў на кухні.
Еўрарадыё: Калі пачалі страляць, пачаліся атакі “Беркута”, беларусы не пачалі ад’язджаць дахаты?
Дзяніс Івашын: Наадварот! Мы тут рэальна ў адных акопах з украінцамі сядзім. Людзі гатовыя да канца змагацца. Бо ўсе мы разумеем неабходнасць змагання з тым акупацыйным рэжымам, які сёння ўсталёўваецца ва Украіне і ўсё больш нагадвае беларускі. Менавіта таму сюды пастаянна з Беларусі прыязджаюць усё новыя і новыя людзі.
Еўрарадыё: Гэтыя беларусы, якія сёння гатовыя да канца супрацьстаяць украінскаму “Беркуту”, былі на “Плошчы-2010”?..
Дзяніс Івашын: Ад самага пачатку, яшчэ ў снежні, прыязджалі сюды людзі, якія праходзілі праз Акрэсціна, сядзелі ў Жодзіне — і ўсё за падзеі 19 снежня 2010 года. Я іх асабіста ведаю, і такія людзі тут былі.
Еўрарадыё: А самі вы былі на Плошчы?
Дзяніс Івашын: Не, не быў.
Еўрарадыё: Але ж пра тое, што і як там адбывалася, спадзяюся, ведаеце: можаце параўнаць дзеянні беларускіх праваахоўнікаў тады і ўкраінскіх цяпер?
Дзяніс Івашын: Да тых драматычных падзей, якія адбываюцца апошнімі днямі на Грушэўскага, то няма ніякага параўнання — нашы былі больш жорсткімі. Плошчу разагналі за сем з паловай хвілін, набілі ўсе турмы людзьмі. Але пасля падзей апошніх дзён бачна, што Украіна пераўзышла Беларусь. Тут мабілізуецца і загартоўваецца змагарскі баявы дух. Гэта ж не звыклыя нам мітынгі, акцыі і пікеты — тут па-сапраўднаму людзі гінуць. 400 чалавек за адзін дзень параненых. І гэтых параненых людзей, як у нас Някляева ў 2010 годзе, проста з лякарняў міліцыянты выкрадаюць. Пасля такога беларусы вернуцца па-сапраўднаму загартаваныя, якія нічога не баяцца.
Дзяніс Івашын (у цэнтры)
Еўрарадыё: Як вы на Майдане ратуецеся ад холаду, чым урэшце харчуецеся?
Дзяніс Івашын: Вельмі добрае забеспячэнне кухні — працуюць палявыя кухні, іх вельмі шмат, працуе ўласная кухня ў Палацы свабоды, у Палацы прафсаюзаў, у Кіеўскай мэрыі. Выдатная самаарганізацыя — людзі самі прывозяць прадукты харчавання, самі ідуць валанцёрамі на кухню. Ежы сапраўды хапае.
Еўрарадыё: Вы бываеце па-за перыметрам Майдану — можаце сказаць, як простыя жыхары Кіева, якія не ўдзельнічаюць ў пратэстах і сутычках, ставяцца да таго, што ў цэнтры іх горада адбываецца?
Дзяніс Івашын: Нават паводле сацыялагічных апытанняў каля 70% кіяўлян падтрымліваюць Майдан. Было апошняе Народнае Веча, на якое сабралася звыш 200 тысяч чалавек — вельмі шырокая падтрымка ў Майдана. Гэта адчуваецца, і калі ідзеш па вуліцы па-за Майданам. Людзі, калі бачаць майданаўскую сімволіку, вітаюць, усміхаюцца — салідарнасць людзей відавочная. Трэба прыязджаць, гэта бачыць і засвойваць.
Еўрарадыё: Ці ёсць у Майдана нейкі лідар, хто вырашае, што і як рабіць?
Дзяніс Івашын: На жаль, такога няма, не існуе. Калі я вам казаў, што існуе і “Самаабарона”, і “Ахова Майдана” — у гэтых арганізацый, якія фактычна выконваюць аднолькавую функцыю, нават няма адзінага каардынацыйнага цэнтра.
Еўрарадыё: Зразумела, што ў выпадку чарговай атакі “Беркута” адбываецца самаарганізацыя людзей. А вось уявім, што заўтра перамога і — што?
Дзяніс Івашын: Не ведаю. Сітуацыя вельмі падобная да беларускай. Калі палітыкі не могуць дамовіцца паміж сабой, адбываецца нейкая варажнеча, няма адзінага лідара. І гэта велізарная, насамрэч, праблема.
Еўрарадыё: Рана ці позна, але Майдан завершыцца — ці баіцеся вы, што па вяртанні на радзіму да ўдзельнікаў Майдана будзе асаблівая ўвага з боку беларускіх спецслужб?
Дзяніс Івашын: Асаблівага страху няма, бо яны выдатна ведаюць, што я і хто я, чым займаюся і дзе мяне можна знайсці. Я не хаваю, што прыехаў сюды для таго, каб атрымаць пэўны досвед, адчуць тую свабоду, якая тут проста ў паветры лунае. Заразіцца тут змагарскім духам і прывезці яго ў Беларусь. Хачу стварыць тут асобны беларускі “швадрон”! Праблем з размяшчэннем, з ежай ніякіх няма — беларусаў тут сустрэнуць з усёй украінскай шчырасцю.
Дзяніс Івашын на Дні Волі-2011, Гродна
Еўрарадыё: Але ж тут забіваюць — не баіцеся патрапіць пад кулю?
Дзяніс Івашын: Ведаеце, як гэта бывае на вайне — кожны думае, што з ім такога не здарыцца. Але ніхто і не застрахаваны ад такога. Вайна ідзе і пра гэта проста не думаеш.
Еўрарадыё: Вашы бацькі ведаюць, дзе вы знаходзіцеся?
Дзяніс Івашын: Ведаюць. І вельмі хвалююцца, перажываюць — асабліва калі ўбачылі навіну, што загінуў беларус. Можаце здагадацца, што яны адчувалі ў гэты момант — асабліва пакуль не было названае прозвішча. Маці мне адразу ж патэлефанавала!
Еўрарадыё: Са словамі: “Нагуляўся і хопіць — вяртайся, пакуль не забілі!”?
Дзяніс Івашын: Не, такога не было. Проста спраўдзілі, што жывы. Бацькі мяне падтрымліваюць, ведаюць, што паехаў не “пагуляцца”.
Фота: з архіва Дзяніса Івашына і Ilya Varlamov