Беларусь не будзе абараняць Расію бясплатна

У тым выпадку, калі Расія працягне непрыгожа паводзіць сябе з Беларуссю, Мінск ускладніць сувязь Расіі з Калінінградам і вымусіць Крэмль развярнуць пад Масквой уласныя войскі супрацьпаветранай абароны 16 чэрвеня Савет Бяспекі Беларусі пачаў прагназаваць магчымую эканамічную шкоду, якую нашай краіне можа прычыніць Расія. Беларускі палітолаг Андрэй Ляховіч сцвярджае, што ўжо зараз расіяне абмяжоўваюць нашую краіну не толькі ў экспарце малака:

Андрэй Ляховіч: “Ёсць абмежаванні для экспарту ў Расію беларускага машынабудавання, цукру, малака і мяса, то бок па шэрагу пазіцыяў”.

Да пачатку “малочнай вайны” беларускае малако займала каля 7% расійскага рынку, цукар і кандытарскія вырабы — 3,2%, мясныя прадукты — 1,5%. У той жа час каля 30% беларускага рынка хлебабулачных вырабаў і каля 50% алею — гэта прадукцыя расійскіх вытворцаў. З Расіі на палічкі беларускіх крамаў трапіла каля 22% піва і каля 9% цукру ды цукерак.

Паводле слоў палітолага Юрыя Шаўцова, разменьвацца на “гандлёвыя войны” Беларусь не будзе. Хутчэй за ўсё, расійскія прадукты і надалей будуць прадавацца ў нашай краіне без абмежаванняў. Адказ Беларусі будзе асіметрычным:

Юрый Шаўцоў: “Праблема трактуецца так: нанесены ўдар па нашай эканамічнай бяспецы. Гэта не проста гандлёвая вайна. Калоць у адказ шпількамі проста нерэальна!”

Першым “асіметрычным” крокам стала адмова Беларусі ад удзелу ў саміце АДКБ (Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бяспецы), якую Расія ўспрыняла вельмі балюча. Кажа Юрый Шаўцоў:

Юрый Шаўцоў: “Гэта фактычна знішчае Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы як легітымную структуру. Без нашага ўдзелу немагчыма прымаць ніякія правамоцныя рашэнні ў АДКБ. Мы падвесілі цэлую сістэму бяспекі ва ўсёй Еўропе, арыентаванай на Расію, і нават у палове Азіі”.

Наступнымі асіметрычнымі крокамі былі б адмовы ад транспартнага і вайсковага супрацоўніцтва з Расіяй. Нашыя эксперты працягваюць:

Андрэй Ляховіч: “Беларусь пагражае ізноў ускладніць сувязь Расіі з яе калінінградскім анклавам. Можа падвіснуць пытанне аб знаходжанні расійскіх ваенных базаў на тэрыторыі Беларусі.

Да таго ж Лукашэнка заяўляе, што Беларусь не будзе абараняць Расію бясплатна. У тым ліку — абараняць сваёй сістэмай супрацьпаветранай абароны”.

Юрый Шаўцоў:
“Гэта было б вельмі дарагой для Расіі падзеяй, бо давялося б з нуля ствараць сухапутную групоўку ў раёне Масквы.

Мы можам пайсці на актыўнае супрацоўніцтва з Закаўказзем — найперш з Азербайджанам і, магчыма, з Грузіяй. Гэта можа памяняць шмат якія пытанні, звязаныя з транзітам нафты ў Еўропу. Мы можам пайсці на франтальнае супрацоўніцтва з Украінай па ўніфікацыі рознага кшталту транзітных тарыфаў”.

Складана сказаць, ці дойдзе ў Беларусі з Расіяй да супрацьстаяння ў іншых плоскасцях, акрамя малочнай. Але ёсць сярод палітолагаў і аптымісты. Думкі наконт таго, што “краіне пад белымі крыламі” не спатрэбяцца нават тыя сціплыя мускулы, якія яна зараз дэманструе Расіі, прытрымліваецца дэкан факультэта міжнародных адносінаў БДУ Віктар Шадурскі:

Віктар Шадурскі: “Я не думаю, што будзе эскалацыя. Зразумела, здараюцца і эмоцыі з кожнага боку, і непрадуманыя рашэнні. Я прыхільнік таго, што ўсё нармалізуецца.
Іншае пытанне — кожная незалежная дзяржава павінна займацца прагнозам верагодных рашэнняў, рызыкаў і г.д. Гэта нармальна”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі