Беларускае малако нелегальна збіраецца ў Расію

Вытворчасць малака ў Беларусі зніжаць не збіраюцца, хоць склады запоўненыя прадукцыяй, якая ўжо аплачана расійскімі кампаніямі Нягледзячы на адмову Расіі ад беларускага малака, айчынная малочная галіна працуе па-ранейшаму. Вытворчасць не скарачаецца, калгасы па-ранейшаму здаюць малако на малаказаводы.

Калгас "Герой працы" Клімавіцкага раёна кожны дзень надойвае з буронак па 3 тоны малака, паведамілі Еўрарадыё ў праўленні гаспадаркі.

Ларыса Іванова: "Мы малако ў Расію не прадаем. Мы штодзённа здаем па 3 тоны на мясцовы масласырзавод".

Ніякіх указанняў пра тое, каб зменшыць пагалоўе кароў, ім не паступала. Не паступала ўказанняў і на Краснапольскі масласырзавод, які штодзень забірае малако ў гаспадарак і здае яго на магілёўскае прадпрыемства "Бабушкина крынка".

Краснапольскі масласырзавод: "Мы займаемся толькі зборам і перавозкай малака на Касцюковіцкі філіял "Бабушкиной крынки". Яны астуджаюць, прыходзяць “Камазы” ды забіраюць у Магілёў на "Бабушкину крынку". Колькі мы збіралі малака, столькі і збіраем. Назад нам яго не вяртаюць".

У знешнеэканамічным аддзеле ААТ "Бабушкина крынка" нам адказалі, што ніякіх намераў зніжаць вытворчасць у іх няма, бо трэба выконваць план. А месца на складзе пакуль хапае.

ААТ "Бабушкина крынка": "Як можна зніжаць вытворчасць? Куды карове дзяваць малако? Куды селяніну падзявацца з гэтым малаком? Мы абавязаныя выконваць прагнозныя паказчыкі роста. Таму ад малака зараз адмовіцца немагчыма. Пакуль працуем на поўную магутнасць на склад. Месца на складзе яшчэ ёсць".

Афіцыйныя ўлады маўчаць, кажуць на прадпрыемстве. Што рабіць далей — невядома, таму будуць спрабаваць пераехаць граніцу без дазволу.

ААТ "Бабушкина крынка": "Афіцыйнай інфармацыі, што нам рабіць, няма нідзе. Ні на сайтах, ні пісьмовых папер няма, ні распараджэнняў — нічога, акрамя размоў. Заўтра мы будзем спрабаваць праехаць граніцу".

Праблема ў тым, што расійскія кампаніі ўжо заплацілі за магілёўскае малако. І зараз трэба вяртаць альбо грошы, альбо прадукцыю. "Ёсць нейкія размовы, што прапускаюць на мяжы. Паспрабуем", — распавядаюць на ААТ "Бабушкина крынка".

Калі з гэтай авантуры нічога не атрымаецца, прыйдзецца прадаваць малако ў іншыя краіны і страчваць на кожных ста тонах ад 30 да 40 тысяч долараў.

ААТ "Бабушкина крынка": "Акрамя Расіі ёсць шмат пакупнікоў, але там цэны ніжэйшыя. Мы яшчэ пачакаем пару дзён: калі будуць прапускаць машыны, значыцца будзем у Расію прадаваць. Калі не — тады будзем прадаваць ва Ўкраіну, Казахстан, Малдавію. Але у гэтых рэгіёнах цэны на 30-40 цэнтаў ніжэй чым у Расіі. І калі на 100 тонах 30 цэнтаў страчваць — гэта 30 тысяч долараў. Тут — як на рыбалцы: трэба не празяваць, калі рыба добра бярэцца".

Фота — kotiy-pilat.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі