Беларускага кікбаксёра Шабалюка выпусцілі з СІЗА ў Маскве і адразу ж затрымалі
29 ліпеня беларускага кікбаксёра Яўгена Шабалюка выпусцілі з СІЗА-4 у Маскве і адразу ж затрымалі, піша "Новая газета". Сілавікі павезлі беларуса ў паліцыю, адтуль — у пракуратуру. Там ён даў абавязацельства аб яўцы ў Бабушкінскія раённыя пракуратуру і суд. Паліцэйскія сказалі, што павязуць Шабалюка назад у паліцыю. Расійскія праваабаронцы не выключаюць, што беларуса могуць экстрадыраваць.
Яўген Шабалюк — майстар спорту па кікбоксінгу. У жніўні 2020-га ён удзельнічаў у пратэстах у Беларусі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Сілавікі яго збілі, але адпусцілі. Шабалюк выехаў у Расію. Але ў лютым яго там затрымалі на запыт з Беларусі. Спартсмена абвінавачваюць у супраціўленні міліцыянеру, яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Роднага брата Яўгена Міхаіла ўжо асудзілі за ўдзел у пратэстах на тры гады калоніі агульнага рэжыму. Ён прызнаны палітвязнем.
Раней Расія выдала Беларусі шматразовага чэмпіёна свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксея Кудзіна. 5 жніўня яго пачнуць судзіць у Маладзечне за ўдзел у пратэстах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.