Спявачка, кікбаксёр і адмін чата: чыёй экстрадыцыі з Расіі патрабуе Беларусь

Экстрадыцыя з Расіі / kommersant
Экстрадыцыя з Расіі / kommersant

Не менш як трое грамадзян Беларусі ўцяклі ад крымінальнага пераследу па справах аб пратэстах у Расію, а цяпер чакаюць экстрадыцыі на радзіму. У Беларусі ім пагражае да некалькіх гадоў турэмнага зняволення.

Каго і за што Беларусь патрабуе дэпартаваць дадому?

Баец ММА Аляксей Кудзін. Чакае экстрадыцыі

Певица, кикбоксер и админ чата: чьей экстрадиции из России требует Беларусь
Аляксей Кудзін / sports.ru

Адзін з самых абмяркоўваных працэсаў аб экстрадыцыі ў Беларусь датычыцца байца ММА Аляксея Кудзіна. У Беларусі спартсмена абвінавачваюць па артыкуле "Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў" (арт. 363 КК). Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

У жніўні 2020-га Кудзін удзельнічаў у пратэстах у Маладзечне, калі адбыліся сутычкі з сілавікамі. Спартсмена спачатку змясцілі пад адміністрацыйны арышт, пасля аштрафавалі, а далей — завялі крымінальную справу. У лістападзе Кудзін не прыйшоў у суд і яго абвясцілі ў вышук.

Беларуса затрымалі ў Расіі ў студзені 2021-га. У лютым Генпракуратура Беларусі накіравала ў РФ зварот аб экстрадыцыі. Беларускія спартсмены напісалі не адну петыцыю да расійскіх уладаў з просьбай аб прыпыненні экстрадыцыі чэмпіёна ў Беларусь. Кудзін, знаходзячыся пад вартай, напісаў заяву аб просьбе даць палітычнае прыстанішча.

25 чэрвеня Маскоўскі абласны суд пастанавіў, што шматразоваму чэмпіёну свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксею Кудзіну ў Беларусі не пагражаюць катаванні, а яго крымінальны пераслед не ёсць палітычна матываваным. Цяпер ён чакае экстрадыцыі.

Стачкамавец Андрэй Прылуцкі. Вызвалілі з-пад варты

Певица, кикбоксер и админ чата: чьей экстрадиции из России требует Беларусь
Андрэй Прылуцкі / reform.by

Першым затрыманым у Расіі беларусам, якому пагражае экстрадыцыя, стаў 37-гадовы сябра стачкама "Беларуськалія", бацька траіх непаўналетніх дзяцей Андрэй Прылуцкі. У жніўні 2020-га яго спачатку адправілі пад адміністрацыйны арышт за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, а праз некалькі месяцаў на яго завялі крымінальную справу аб гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. У Беларусі Прылуцкаму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Ад крымінальнага пераследу беларус уцёк у Расію, адкуль збіраўся ляцець ва Украіну. Але 30 снежня яго ў аэрапорце затрымалі расійскія сілавікі.

Амаль шэсць месяцаў Андрэй чакаў, калі Генеральная пракуратура разгледзіць яго экстрадыцыйную справу. У чэрвені суд пастанавіў экстрадаваць Андрэя ў Беларусь. Тым часам яго тэрмін утрымання пад вартай скончыўся — цяпер Андрэй на волі.

Наперадзе — суд па абскарджанні рашэння аб экстрадыцыі.

Андрэй Казіміраў. Чакае экстрадыцыі

Певица, кикбоксер и админ чата: чьей экстрадиции из России требует Беларусь
Андрэй Казіміраў / vk.com

22-гадовага берасцейца абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках з пагромамі і ўжываннем гвалту ў час пратэстаў у жніўні 2020 года. У час аднаго з мітынгаў ён, паводле яго слоў, перасунуў смеццевы кантэйнер як заслон ад гумовых куль міліцыі. Гэта трапіла на камеры назірання.

Праз некалькі дзён Казімірава разам з сябрам жорстка затрымалі ў краме ў Брэсце. Праз два дні з яго ўзялі пісьмовую заяву аб тым, што ён не мае ніякіх прэтэнзій да супрацоўнікаў міліцыі, і адпусцілі. У верасні Казіміраў пакінуў Беларусь, а ў лістападзе яго абвясцілі ў міжнародны вышук.

Андрэя Казімірава арыштавалі ў Маскве 14 студзеня. Амаль паўгода яго ўтрымліваюць у следчым ізалятары "па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства". 27 траўня Маскоўскі гарадскі суд прыняў рашэнне аб экстрадыцыі Андрэя.

Адміністратар чата Мікалай Давідчык. Адмова ў экстрадыцыі

Певица, кикбоксер и админ чата: чьей экстрадиции из России требует Беларусь
Мікалай Давідчык на волі з блізкімі / Вясна

Адзіная гісторыя пра экстрадыцыю з хэпі-эндам — пра адміністратара чата "Лида для жизни" Мікалая Давідчыка. Яго затрымалі ў Маскве па падазрэнні ў закліках да ўдзелу ў беспарадках у Беларусі. Адвакатам удалося дамагчыся таго, што Генпракуратура адмовіла ў выдачы Давідчыка ў Беларусь. У красавіку яго вызвалілі.

Праўда, актывіста затрымалі неўзабаве пасля вызвалення па адміністрацыйным артыкуле расійскага кодэкса, абвінаваціўшы ў адсутнасці рэгістрацыі. Яму спрабавалі замяніць экстрадыцыю на прымусовае выдварэнне, але адвакаты дамагліся для Мікалая штрафу 5 тысяч рублёў без выдварэння. Цяпер Мікалай на волі.

Яшчэ тры чалавекі — у чаканні судоў аб экстрадыцыі

Жыхар Маладзечна Сяргей Непагода знаходзіцца пад вартай у Расіі з 17 сакавіка. Яго абвінавачваюць па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса РБ — "Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў". У сутычцы з сілавікамі ў Маладзечне ўдзельнічалі, акрамя Непагоды, таксама палітвязні Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцігнееў. Пяскова прысудзілі да трох гадоў і трох месяцаў зняволення, Еўсцігнеева — да трох гадоў.

Майстар спорту па кікбоксінгу Яўген Шабалюк пад вартай з 4 лютага. У жніўні ў час пратэставых акцый яго збілі, а пазней абвінавацілі па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса. 4 лютага Яўгена затрымалі ў Маскве.

Роднага брата Яўгена — Міхаіла (прызнаны палітвязнем) — ужо асудзілі ў Брэсце за падзеі жніўня па артыкуле 363 КК. Ён атрымаў тры гады калоніі агульнага рэжыму.

Берасцеец Вадзім Дубойскі знаходзіцца ў СІЗА-3 Белгарада з 16 красавіка. Вадзім — фігурант крымінальнай справы па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). 12 красавіка яго затрымалі ў Расіі. Паводле інфармацыі брэсцкіх праваабаронцаў, у жніўні Вадзім быў затрыманы і збіты ў падвалах Дома правасуддзя ў Брэсце. Вадзім трапіў у лякарню і зняў там пабоі, а пасля на яго завялі крымінальную справу. У верасні яго высачылі і затрымалі па дарозе да лекара. Пасля гэтага Вадзім пакінуў Беларусь.

Спявачка Анжаліка Агурбаш. Мае грамадзянства Расіі

Певица, кикбоксер и админ чата: чьей экстрадиции из России требует Беларусь
Анжаліка Агурбаш / citydog.by

5 ліпеня Генеральная пракуратура накіравала просьбу ў Генпракуратуру Расіі аб выдачы для прыцягнення да крымінальнай адказнасці спявачкі Анжалікі Агурбаш. Супраць Агурбаш заведзены дзве крымінальныя справы. Яе абвінавачваюць у "распальванні варожасці", а таксама ў "абразе Лукашэнкі".

Спявачка знаходзіцца на волі. Яе адвакат заявіў, што ў Агурбаш ёсць расійскае грамадзянства. Згодна з Канстытуцыяй РФ, Масква дэ-юрэ не мае права экстрадаваць артыстку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі