Беларуская ДАІ ўводзіць фотарадары, якія спрабуюць забараніць ва Ўкраіне

Новыя радары "Візір" памыляюцца, гэта ўжо даказалі ўкраінскія эксперты
Радары з фота-відэафіксацыяй уводзяць у Беларусі. Яны даюць больш даказальнай базы на судзе. Пра гэта распавялі Еўрарадыё ў Магілёўскай гарадской Дзяржаўтаінспекцыі:

"У апошні час перавага аддаецца рэгістратарам хуткасці з фота-відэафіксацыяй. Да іх у нас адносіцца "Візір" і аўтаматычны рэгістратар парушэнняў ПДР "Арэна". Зафіксаваны здымак з датай і з часам з'яўляецца добрай доказнай базай".

Але аказалася, што радар "Візір" хочуць забараніць для выкарыстання ва Ўкраіне, змагаюцца з ім і расійскія кіроўцы. Справа ў тым, што ён можа памыляцца.

"Ехаў па горадзе з хуткасцю 65 кіламетраў. Мяне спынілі за перавышэнне. Паказалі фота з маёй машынай і хуткасцю 87. Такога не можа быць", — здзіўляюцца кіроўцы на розных форумах.

Пра тое, як жа ён так працуе, Еўрарадыё запыталася ў супрацоўніка магілёўскай ДАІ. Паводле яго слоў, калі ідзе вялікі паток машын, прыбор працуе ў рэжыме "бліжэйшая цэль" і фіксуе хуткасць першага аўтамабіля:

"Справа ў тым, што ў залежнасці ад рэжыму працы, ён можа фіксаваць альбо хуткую цэль, альбо блізкую цэль. Зразумела, каб з вялікага патока ён не выхопліваў самую хуткую, а паказваў менавіта тую, якую відаць".

Атрымліваецца, што калі ўключыць рэжым "хуткая цэль", то радар зафіксуе аўтамабіль, які едзе хутчэй за ўсіх, напрыклад, на адлегласці ў 400 метраў, а сфатаграфуе бліжэйшы.

Кажа адміністратар stop-gai.by Аляксандр Старычэнка:

"Гэта дзве незалежныя праграмы. Адна фіксуе хуткасць, іншая фатаграфуе. Калі ён зафіксаваў хуткасць, то ён фатаграфуе. Каго? Першую машыну. Ён жа не будзе глядзець, што гэта трэцяя перавышае. Візуальна гэта можа быць і відаць. Але там жа тэхніка".

Аляксандр "Шумахер" цяпер судзіцца з ДАІ. На здымку "Візіра" яму паказалі адну хуткасць, на спідометры была іншая, а разглядзець на здымку, што гэта яго машына, увогуле немагчыма.

Аляксандр Schumacher: "Я не ведаю нават, ці мая гэта машына. Там цяжка гэта вызначыць. Я упэўнены, што я не ехаў з гэтай хуткасцю. Супрацоўнік ДАІ, наадварот, упэўнены. Там ў кадры відаць яшчэ некалькі машын. Але ён усё ж вырашыў, што хуткасць мая".

Нават у інструкцыі па эксплуатацыі прыбора запісана, што кут зроку камеры значна вужэйшы за кут зроку радара. Таму яго рэкамендуецца выкарыстоўваць для кантролю транспартных патокаў сярэдняй інтэнсіўнасці ці адзінкавых транспартных сродкаў.

Калі ў кадры некалькі аўтамабіляў, ва Ўкраіне нельга фіксаваць парушэнне хуткаснага рэжыму. Украінскі эксперт Раман Паўловіч кажа, што вытворцы відэафіксатараў пад паняццем "блізкая цэль" разумеюць аб'ект, які лепш за іншых адлюстроўвае сігнал радара і не заўсёды ён з'яўляецца фактычна бліжэйшым. Таму і тут радар можа памыліцца.

Раман Паўловіч: "Пры наяўнасці больш адной машыны ў зоне вымярэння ў рэжыме "шпаркая хуткасць" радар выбірае тую пазнаку, якая адпавядае самаму хуткаму аўтамабілю. У рэжыме "блізкая" ён выбірае не блізкую, а цэль з максімальнай эфектыўнай паверхняй, якая адлюстроўвае сігнал".

Напрыклад, па дарозе едзе тры машыны. Першая легкавая з хуткасцю 60 км/г, другая грузавая з хуткасцю 65 км/г, яе даганяе мінівэн на хуткасці 70 км/г. У рэжыме "вялікая хуткасць" радар будзе паказваць хуткасць мінівэна, але здыме легкавік. У рэжыме "першая" радар таксама здыме першы легкавік і, нібыта, павінен фіксаваць ягоную хуткасць, але эксперты запэўніваюць, што радар будзе паказваць хуткасць грузавога аўтамабіля, які мае большую масу.

Як жа выйсці з сітуацыі? Фіксаваць парушэнні ж таксама трэба. Выйсце даўно ўжо знайшлі за мяжой. У Еўропе выкарыстоўваюць фотарадары, якія фіксуюць хуткасць лазерам, які адбіваецца ад канкрэтнага аўтамабіля, а не лакатарам, які ахоплівае адразу некалькі машын. Лазер фіксуе хуткасць пэўнага аўтамабіля, а камера робіць два здымкі: кіроўцы і нумару. Штраф дасылаюць па пошце і ніхто нават не спрачаецца.





Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі