Беларуская дзяржава ў крызіс не спяшаецца дапамагаць маламаёмасным

Ніякай дадатковай дапамогі з нагоды крызісу і дэвальвацыі ні шматдзетным сем’ям, ні бюджэтнікам, ні студэнтам дзяржава выплачваць не збіраецца. А на некаторых прадпрыемствах нават сумленна заробленае выплачваць не хочуць Улады сцвярджаюць, што ў нас будуецца сацыяльна накіраваная дзяржава. Ці відаць гэта ва ўмовах крызісу на прыкладзе малазабяспечаных катэгорый насельніцтва і бюджэтнікаў, паспрабавала адсачыць Еўрарадыё.

Паводле слоў кіраўніцы прэс-службы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіны Трафіменкі, дзяржава і так аказвае вялікую дапамогу тым жа шматдзетным і маладым сем’ям, каб нешта яшчэ павялічваць з нагоды дэвальвацыі рубля і крызісу. Праўда, кажа яна, памер дапамогі будзе павялічвацца цягам года, але калі дакладна гэта адбудзецца, не вядома.

Галіна Трафіменка: “Дадатковых праграм па дапамозе няма. У нас дастаткова адладжаная сістэма створаная, і мы ў адпаведнасці з “Нацыянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі”, праграмай “Дзеці Беларусі”, падпраграмы яшчэ ёсць, розныя дапамогі, і працуем. Летась мы павялічылі памер дапамогі і сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей да трох гадоў, пры нараджэнні першага дзіцяці, пры нараджэнні другога…. Такім чынам, у нас даволі стройная сістэма і мы не бачым неабходнасці нейкія дадатковыя меры прымаць. Адзінае – да канца года, праўда, я не ведаю калі дакладна гэта адбудзецца, павялічыцца памер дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”.

Тое, што ніякай дадатковай дапамогі ва ўмовах крызісу яны не атрымалі, пацвердзіла Еўрарадыё і маці трох дзяцей з Мінска Таццяна Курыла. Праўда, і не падзяліла ўпэўненасці чыноўніцы Мінпрацы ў дастатковасці гэтай дапамогі.

Таццяна Курыла: “Колькі там тых грошай – 170 тысяч на дзіцё ў месяц! Плюс 40 тысяч на “памперсы”, якія каштуюць 60-80 тысяч. А сёння была ў тэрытарыяльным сацыяльным цэнтры. Раней там можна было шматдзетным атаварвацца са зніжкай у 20 адсоткаў, а зараз ужо такога няма. Калі б муж мала зарабляў, дык увогуле было б! А так муж нармальна зарабляе і пражыць неяк можна”.

Не атрымалі ніякай дапамогі і бюджэтнікі. Намеснік дырэктара па выхаваўчай працы маладзечанскай школы №7 Вольга Каралёва расказала, што апошняе павышэнне заробку на 5 адсоткаў было ў іх 1 студзеня. Але крызіс да гэтага не мае ніякага дачынення: падвышэнне заробку настаўнікам абяцалі яшчэ ў сярэдзіне 2008 года. Праўда, ці стала яна зарабляць больш, педагог так пакуль і не разабралася.

Вольга Каралёва: “Я зараз як заробак атрымала, дык увогуле не магу разабрацца – што там да чаго! Так нейкія пераразлікі. Я ведаю, што ў іх там, у бухгалтэрыі, сістэма вельмі складаная. Я неяк спрабавала разабрацца, бухгалтар мне тлумачыла…. Тлумачыла, што пры падвышэнні заробку памяншаецца аўтаматычна нейкі каэфіцыент. Менавіта, нібыта, таму нам падвышаюць, а мы гэтага асабліва не бачым. Шчыра скажу: я ніякіх зменаў і ад гэтага падвышэння не заўважыла. Магчыма, тысячаў на 50 больш заробку выйшла”.

Згодна са словамі студэнта 3-га курса журфака БДУ Іллі, ім хоць стыпендыю і павялічылі на 20 тысячаў, але гэта, як і ў выпадку з настаўнікамі, ніякага дачынення да крызісу не мае.

Ілля: “Стыпендыю мы атрымоўвалі толькі адзін раз. На 20 тысяч яна была падвышана. Але я звязваю гэта з тым, што раней былі такія звесткі, што гэта плануецца. Ведаю, што тыя, хто паходзіць са шматдзетных сем’яў, могуць узяць дапамогу сацыяльную. Але бачыць, як гэта працуе насамрэч, пакуль не даводзілася”.

Але калі адным дзяржава выплачвае толькі раней абумоўленую дапамогу і нічога дадатковага з нагоды крызісу не абяцае, то пра іншыя катэгорыі грамадзянаў думае яшчэ менш. Паводле слоў старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу Васіля Корабава, не існуе ніякага дзяржаўнага плану дапамогі працаўнікам, якім, да прыкладу, скарацілі працоўны тыдзень. А ў некаторых выпадках нават сумленна заробленае ім спрабуюць выплаціць не цалкам.

Васіль Корабаў: “Нейкай праграмы дапамогі ў дзяржавы, я мяркую, няма. І я ні ад каго не чуў, што на гэтую тэму думае ўрад. Усё ідзе “ціхай сапай”. А ёсць такое прадпрыемства – “Мастыдрэў”. Там увогуле загад, які выдала перад Новым годам кіраўніцтва прадпрыемства, не адпавядаў нашай заканадаўчай базе. Працоўным проста недаплацілі. І ўсё так ціха прайшло, пакуль мы пра гэта не даведаліся. Прыязджала камісія Дэпартамента па працы, прыязджаў Дзяржкантроль –  і толькі тады людзям часткова выплацілі заробленае”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі