Беларуская журналістка правяла 30 сутак за кратамі за кветку
Журналістка "Нашай нівы" Кацярына Карпіцкая распавяла Радыё Свабода пра абставіны свайго затрымання ў жніўні ў Мінску. Высветлілася, што яна правяла 30 сутак за кратамі на Акрэсціна за кветку ў руках.
"Мяне затрымалі зранку 14 жніўня, — расказвае журналістка. — Гэтым разам можна сказаць, што я падставілася сама... Праяжджаючы міма Пушкінскай [станцыі метро], згадала, што ўдава [Аляксандра] Тарайкоўскага аднойчы казала, што ёй прыемна бачыць на Пушкінскай кветкі: такім чынам яна ведае, што людзі памятаюць".
Карпіцкая купіла белую хрызантэму ў пераходзе згаданай станцыі метро, але нават не паспела з яго выйсці, як яе затрымалі. "АМАП дзяжурыў там суткамі, як я пасля даведалася..., — кажа яна. — У судзе ілжэсведка сказаў, што я правяла пікет супраць дзейнай улады".
Аляксандр Тарайкоўскі — 34-гадовы пратэстовец, які быў застрэлены сілавікамі 10 жніўня 2020 года каля станцыі метро "Пушкінская". За забойства дагэтуль ніхто не пакараны. Каля месца гібелі Тарайкоўскага ўзнік народны мемарыял, які ўлады знішчылі. Людзей, якія спрабуюць ушанаваць памяць пратэстоўца ўскладаннем кветак, затрымліваюць і караюць.
Раней Кацярына Карпіцкая ў Facebook распавяла пра жахлівыя 30 дзён на Акрэсціна. Яна выйшла адтуль "з букетам новых хвароб", у тым ліку з каранавірусам. Як піша Радыё Свабода, журналістка дагэтуль не акрыяла пасля хваробы і з цяжкасцю можа гаварыць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.