Беларускі бразілец Рэнан Брэсан пераязджае ў Казахстан
Паўабаронца нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі падпісаў двухгадовы кантракт з чэмпіёнам Казахстана клубам "Актобе" з Акцюбінска.
Пра гэта паведамляе газета "Прессбол".
Нагадаем, Рэнан Брэсан пасля сыходу з БАТЭ ў мінулым сезоне гуляў у "Аланіі" ва Уладзікаўказе. Аднак клуб, які апынуўся ў катастрафічным фінансавым становішчы, месяцамі не плаціў заробкі, і Брэсан у аднабаковым парадку скасаваў кантракт. Ён вярнуўся ў Бразілію і, не маючы годных прапановаў з клубаў постсавецкай прасторы, збіраўся ўжо падпісаць кантракт з адным з бразільскіх клубаў.
На шчасце, Рэнанам Брэсанам, лепшым футбалістам Беларусі 2012 года, зацікавіўся казахстанскі клуб. А гэта значна павялічвае яго шанцы на працяг выступленняў і ў складзе беларускай зборнай.
На здымку: Так Брэсан у канцы 2012-га з'язджаў з Беларусі ў Расію. Фота — Goals.by