Беларускі гандбаліст прадаў за 4 тысячы еўра серыю сваіх карцін
Мікіта Вайлупаў і яго карціна / handballfast.com
Беларускі гандбаліст Мікіта Вайлупаў у інтэрв'ю handballfast.com расказаў пра сваё захапленне абстрактным жывапісам. "Класічны жывапіс — абсалютна не мой фармат. У адрозненне ад абстракцыі", — кажа ён.
Вайлупаў "часам за дзесяць хвілін тры штукі здольны забабахать", а часам працуе над карцінай некалькі дзён. Паводле яго слоў, рэкорд — два тыдня. Аднойчы ў Мінску для аднаклубніка рабіў працу на замову — "карціну ў духу кубізму".
"Мяне ў абстракцыі прыцягвае сам працэс, — распавядае гандбаліст. — Калі падыходзіш да палатна і не ведаеш, што будзе на фінішы...".
Мікіта Вайлупаў кажа, што серыю з 8-9 яго карцін купілі за 4 тысячы еўра. Для яго гэта рэкордны кошт.
Вайлупаву 27 гадоў. Ён — гулец нацыянальнай зборнай Беларусі і венгерскага клуба "Веспрэм". У тым жа інтэрв'ю гандбаліст кажа, што паралельна вывучае графічны дызайн, спрабуе сябе ў калажы. А яшчэ ён купіў дрон, каб здымаць свае трэніроўкі і выкладаць відэа ў сацсеткі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.