"Беларускі Гаюн": буйная калона ПВК "Вагнер" прыбыла ў Беларусь
Кіраўнік ПВК "Вагнер" Яўген Прыгожын са сваімі падначаленымі / nsn.fm
Раніцай 15 ліпеня ў Беларусі заўважаная буйная калона легкавых і грузавых аўтамабіляў з нумарамі так званых ДНР і ЛНР, паведамляе маніторынгавая група "Беларускі Гаюн".
— Сукупнасць фактараў паказвае, што гэта калона ПВК "Вагнер", якая ўначы заехала ў Беларусь з РФ у раёне Крычава.
Далей яны прайшлі праз Рагачоў у бок Бабруйска і затым — на Асіповічы. Маршрут паказвае на тое, што калона ПВК "Вагнер" рухаецца ў намётавы лагер.
У калоне каля 60 аўтамабіляў, сярод якіх пікапы, буйныя фуры, баханкі і мінімум тры аўтобусы для перавозкі людзей, адзначае "Беларускі Гаюн". Калону суправаджала ДАІ Беларусі.
Раней у Асіповічах было пачата будаўніцтва спецыяльнага лагера для вагнераўцаў.
Міністэрства абароны заявіла ўвечары 14 ліпеня, што сумесна з кіраўніцтвам "Вагнера" "выпрацавана дарожная карта на бліжэйшую перспектыву па падрыхтоўцы і перадачы вопыту паміж падраздзяленнямі розных родаў войскаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.