Беларускія аліўкі прыходзяць з Іспаніі ў расоле

Пасля забароны Расіяй еўрапейскіх тавараў пачалі з'яўляцца здымкі беларускай прадукцыі, той, праўда, якая ў Беларусі не вырошчваецца. Спачатку беларускія мідыі, а цяпер і аліўкі "вырашчаныя ў Іспаніі і з любоўю перапрацаваныя ў Беларусі".

Як і з беларускіх мідый, з беларускіх алівак пачалі жартаваць. Калі за мідыі заступіўся беларускі МЗС, Еўрарадыё вырашыла заступіцца за аліўкі. Мы пацікавіліся, што такое перапрацавана з любоўю, і даведаліся, як вырабляюцца беларускія аліўкі.

"Не сакрэт, што асноўны рэгіён дзе растуць аліўкі, — гэта Іспанія, таму яны паступаюць адтуль, — кажуць на брэсцкім прадпрыемстве "Вастега". — Бываюць яшчэ аліўкі з Егіпта, але з Іспаніі больш якасныя, таму сыравіна адтуль".

Сыравіна перапрацоўваецца на прадпрыемстве у Брэсце. На завод яна прыходзіць у сырым выглядзе, праўда, у расоле.

"Нават калі яны прыходзяць у бочках, гэта расол для часовага захоўвання. Яны не гатовыя. Яны могуць быць першапачаткова закансерваваныя, але яны сырыя і тут, на прадпрыемстве, марынуюцца. Гэта вытворчасць, мы не проста фасуем".

На прадпрыемстве таксама робяць памідоры чэры і ананасы. Гэтая сыравіна з Еўропы прыходзіць зусім у сырым выглядзе. Нам тлумачаць, што вытворчасць алівак — гэта цэлы тэхналагічны працэс.

"Аліўкі прыходзяць у растворы. Там цэлы тэхналагічны працэс. У нас для гэтага запушчаная цэлая тэхналагічная лінія для вытворчасці алівак і маслін. Там праходзіць працэс аксідацыі".

Аліўкі прадаюцца ў Расіі і ў Беларусі. Цікава, што лінія запушчаная яшчэ ў 2013 годзе, калі пра забарону еўрапейскіх тавараў у суседняй краіне і гаворкі не было.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі