Беларускія біятланісткі занялі ў эстафеце на чэмпіянаце свету 7-е месца
Правал у стральбе Надзеі Пісаравай не дазволіў Дар'і Домрачавай пазмагацца за медалі.
13 сакавіка на чэмпіянаце свету па біятлоне, які праходзіць у фінскім Канціялахці, адбылася жаночая эстафета (4 па 6 кіламетраў). У складзе беларускай зборнай выступілі Надзея Скардзіна, Надзея Пісарава, Ірына Крыўко і Дар'я Домрачава.
Надзея Скардзіна ішла 4-5-й, а першы агнявы рубеж яна адстраляла без промахаў і пайшла на дыстанцыю 2-й. Неўзабаве саперніцы яе адсунулі на некалькі пазіцый. На 2-м агнявым рубяжы яна была пятай, выкарыстала дадатковы патрон і пайшла на дыстанцыю ўжо 9-й. Няўдала адстралялася і немка Францыска Хільдэбранд, якая дагэтуль была першай, а цяпер пайшла за Скардзінай — 10-й. У лідары вырвалася полька Моніка Хойніш.
Надзея Пісарава атрымала эстафету ўжо 10-й, адставанне ад лідара складала амаль 15 секунд. Неўзабаве беларуска вывела нашу каманду на 8-ю пазіцыю. На першым рубяжы яна выкарыстала адзін дадатковы патрон і была 7-й. У лідары вырваліся расіянкі. Пісарава адставала ад Віралайнен амаль на 22 секунды. На жаль, на другой стральбе Пісарава "зарабіла" штрафны круг — не хапіла дадатковых патронаў (яна шмат сілаў патраціла на дыстанцыі, падтрымліваючы высокі тэмп). У выніку, беларускі апынуліся на 12-м месцы, наперад выйшлі чэшкі. Адставанне Надзеі Пісаравай ад Габрыелы Соўкалавай склала больш за хвіліну.
Падчас перадачы эстафеты Ірына Крыўко... ўпала. У выніку, былі згубленыя некалькі секунд. На пачатку трэцяга этапа наперадзе была Італія, далей — Чэхія і Нямеччына. Крыўко на першым агнявым рубяжы дакладна адстралялася і выйшла на дыстанцыю 10-й. Яна прайгравала лідару немцы Ванэсе Хінц 1 хвіліну 24 секунды. На другую стральбу беларуска прыйшла дзевятай і зноў яе стральба была бездакорнай! Ірына Крыўко пайшла на дыстанцыю 9-й. А ў лідарах усё тая ж зборная Нямеччыны, за ёй — Расія (Кацярына Юрлава).
Эстафету Дар'і Домрачавай Ірына Крыўко перадала ўжо шостай, адставанне ад лідара склала амаль паўтары хвіліны. На першай стральбе, на якую Домрачава прыйшла пятай, ёй давялося выкарыстаць адзін дадатковы патрон, яна згубіла час і пайшла на дыстанцыю 7-й (адставанне ад лідара — немкі Лауры Дальмаер — 1 хвіліна 50 секунд). На другім агнявым рубяжы Дар'і спатрэбіліся два дадатковыя патроны, яна была 7-й.
Эстафету выйграла зборная Нямеччыны, далей — Францыя і Італія. Зборная Беларусі толькі 7-я (адставанне ад першага месца склала больш за 2 хвіліны).
Домрачава ў Мінску ездзіць на BMW коштам да 124 тысяч еўра (фота, відэа)
14 сакавіка пройдзе мужчынская эстафета, пачатак у 18.30. 15 сакавіка пройдуць масавыя старты: на 12,5 км — у жанчын (пачатак у 15.30, паўдзельнічаюць Дар'я Домрачава і Анастасія Дубарэзава) і на 15 км — у мужчын (пачатак у 18.15, з беларусаў у ім паўдзельнічае толькі Юрый Лядаў).
Фота: ria.ru