Беларускія чыноўнікі ўпэўненыя, што бацькам Карла Маркса быў Фрыдрых
А не Генрых. Гэта вынікае з ліста, які атрымалі з Міністэрства юстыцыі заснавальнікі грамадскага аб'яднання "Краёвае згуртаванне літвінаў".
Ім было адмоўлена ў рэгістрацыі. Чыноўнікі спаслаліся на "няпоўныя і несапраўдныя звесткі аб заснавальніках". У некаторых з іх не былі пазначаныя нумары тэлефонаў, а ў аднаго, нібыта, выяўлены недакладныя звесткі пра хатні адрас.
Як інфармуе spring96.org, там было напісана "г.Слаўгарад, вул. К. Маркса". Чыноўнікі з Мінюста лічаць, што ў дакуменце ён мусіць выглядаць наступным чынам: "г. Слаўгарад, вул. Маркса Карла Фрыдрыхавіча". Гэта пры тым, што бацька нямецкага філосафа і эканаміста Карла Маркса быў не Фрыдрыхам, а Генрыхам.
Заснавальнікі "Краёвага згуртавання літвінаў" рыхтуюць скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі.
Фота — Fotolia, wikipedia.org