Беларускія кампазітары не будуць пісаць для "Еўрабачання"?

На АНТ кажуць, што заяўкі прыходзяць з Расіі, Нямеччыны і Партугаліі. А ад беларусаў заявак прыйшло вельмі мала, і гучных імёнаў сярод іх няма. Не актывізуе беларускіх аўтараў нават прыз у 50 тысяч долараў
Каля 50 заявак атрымалі беларускія арганізатары сёлетняга адбору на "Еўрабачанне", паведаміла Еўрарадыё прэс-сакратар тэлеканала АНТ Аліна Праваторава.

"Больш-менш годных зараз каля 50. Але конкурс да першага кастрычніка, таму песні працягваюць паступаць. Некаторыя забракоўваюцца адразу, напрыклад, калі дасылаюць толькі словы без музычнага матэрыялу".

Ад беларускіх кампазітараў заявак вельмі мала. Сярод тых, хто даслаў свае песні, пакуль няма ніводнага вядомага краіне імя. А вось заявак з Расіі вельмі шмат. Прысылаюць свае кампазіцыі таксама аўтары з Нямеччыны і Партугаліі. Ёсць нават вядомыя людзі. Напрыклад, Андрэй Бабіч — Партугалія з ягонай песняй заняла 2-е месца ў паўфінале "Еўрабачання-2008".

Беларускі кампазітар Максім Алейнікаў кажа, што для яго "Еўрабачанне" не цікавае.

"Не збіраюся. Таму што лічу гэта не перспектыўным для сябе. Яны ж самі з вусамі. Я не разумею, у чым праблема? Гэта тэлекампанія, якая разумее, што робіць. Там сядзяць людзі, якія дакладна разумеюць, што мусіць атрымацца на выхадзе. Ну, а калі не разумеюць, то я ў гэтым удзельнічаць не збіраюся. Мне як кампазітару гэта не цікава".

Рокер Лявон Вольскі пісаць песню для конкурсу не будзе, бо працы яму і так хапае. А кідацца з галавой у "Еўрабачанне" лічыць для сябе проста недальнабачным.

"Не планую. Мне такіх прапаноў не прыходзіла. А самому пісаць і дасылаць, са свайго боку, я лічу проста глупствам. А раптам не возьмуць гэтую песню — куды я яе потым дзену?".

Адсутнасць у конкурсе вядомых беларускіх кампазітараў АНТ не засмучае. На тэлеканале паціху рыхтуюцца да наступных этапаў адбору.

"З усіх мы абярэм лепшыя 10 песень. Запішам з рознымі беларускімі выканаўцамі кліпы на гэтыя 10 песень. Потым народ абярэ лепшую з іх. А потым ужо пад канкрэтную песню будзем шукаць выканаўцу".

Што ж датычыцца канкрэтнага выканаўцы, тут пакуль нічога не вядома — будзе гэта хлопец ці жаночы калектыў. Тэлегледачы выберуць не выканаўцу, а толькі песню. Потым яе адаптуюць пад нейкую канкрэтную асобу.

"Мы шукаем музычны матэрыял, які будзе годны, каб паехаць на "Еўрабачанне". І яго можна будзе адаптаваць ці пад адзін мужчынскі голас, ці пад жаночы калектыў з 6 чалавек", — дадае Аліна Праваторава.

А вось гурт Litesound, які традыцыйна ўдзельнічае ў адборы, але яшчэ ні разу на "Еўрабачанне" не ездзіў, зноў вырашыў паспрабаваць свае сілы. Хаця пасля мінулага года збіраўся зусім адмовіцца ад гэтага мерапрыемства. Кажа прадзюсер гурта Litesound Юры Каракін:

"Гурт Litesound будзе ў гэтым годзе абавязкова ўдзельнічаць, але ў зусім іншым выглядзе, нетрадыцыйна. Напрыклад, гледзячы па тэлебачанні на гэтую працэдуру".

Гурт супрацоўнічае з адным кампазітарам, які так напіша песню, што выканаць яе зможа толькі Litesound. І калі яна пераможа, хлопцы разлічваюць, што АНТ прапануе паехаць у Нарвегію менавіта ім.


Фота: esckaz.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі