Беларускія мытнікі не маюць дачынення да канфуза з Red Hot Chili Peppers
Прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта паведамляе, што беларускія мытнікі не маюць дачынення да гісторыі з аўтографамі музыкаў гурта Red Hot Chili Peppers. Па словах мытнікаў, падпісацца на дысках і постэрах гурта Metallica ўдзельнікаў RHCP папрасіла супрацоўніца службы сервіса гомельскага аэрапорта. Гэтую версію пацвердзіў кіраўнік службы Сяргей Рудзянкоў, але раскрыць акалічнасці справы і скантактаваць Еўрарадыё з гераіняй гісторыі ён не пажадаў.
Нагадаем, 7 ліпеня ў 15:35 гурт Red Hot Chili Peppers прыляцеў з Кіева ў аэрапорт Гомеля, дзе музыкі рабілі перасадку на Маскву. Там яны правялі менш за гадзіну. Для басіста гута Флі гэты візіт у Беларусь застанецца ў памяці надоўга. У Інстаграме ён напісаў:
"Нас паклікалі службовыя асобы мытных органаў у аэрапорце ў Беларусі, і яны папрасілі нас падпісаць некалькі дыскаў і фотаздымкаў Metallica. Мы спрабавалі ім патлумачыць, што мы не Metallica, але яны настойвалі на тым, каб мы падпісвалі ў любым выпадку. Яны мелі ўладу. Ну, я сапраўды аднойчы граў з Metallica. Я люблю Metallica, але ў любым выпадку я не Роберт Трухільё".