Беларускія плыўцы занялі 3-е месца ў камбінаванай эстафеце на чэмпіянаце свету
Беларускія плыўцы Павел Санковіч, Ілля Шымановіч, Яўген Цуркін і Антон Латкін занялі 3-е месца ў камбінаванай эстафеце 4х50 метраў на чэмпіянаце свету ў канадскім Віндзары ў 25-метровым басейне. Квартэт прайшоў дыстанцыю з вынікам 1 хвіліна 32,49 сек і усталяваў пры гэтым новы рэкорд Беларусі, які раней складаў 1 хвіліну 33,21 сек.
Золата ў гэтай дысцыпліне дасталася расіянам, а серабро атрымалі плыўцы з ЗША.
У пяты дзень турніру Ілля Шымановіч выступіў таксама на дыстанцыі 50 метраў брасам і заняў дзясятае месца. У жаночых спаборніцтвах беларуска Юлія Хітрая заняла 19-е месца на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем.
Медаль у камбінаванай эстафеце стала другой узнагародай для нашых плыўцоў на чэмпіянаце свету ў Віндзары: раней бронзу на дыстанцыі 50 метраў на спіне атрымаў Павел Санковіч.
Чэмпіянат завяршыцца 11 снежня.