Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 5 чалавек
У Беларусі новыя палітвязні
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 5 чалавек. Гэта — Вячаслаў Негадзенка, Аляксандр Іода, Язэп Дулеба, Анатоль Валадзько і Аксана Ляпко. Праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення. У спісе цяпер 1409 чалавек.
Стаматолаг-хірург з Гомельшчыны Негадзенка быў асуджаны да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі па абвінавачванні ў "арганізацыі або ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання". Іода адпраўлены ў калонію па абвінавачванні ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх", і "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання". Дулеба ўзяты пад варту па абвінавачванні ў "арганізацыі або ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання". Пад вартай і Валадзько — па абвінавачванні ў "фінансаванні тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці" — за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам. Ляпко ўзялі пад варту па абвінавачванні ў "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання", паведамляе "Вясна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.