Генпракуратура не будзе ацэньваць мастацкі ўзровень гурта "Ленинград"

Генпракуратура не будзе ацэньваць мастацкі ўзровень гурта "Ленинград"

25 чэрвеня некаторыя СМІ напісалі, што Генпракуратура возьмецца за расійскі гурт "Ленинград" і праверыць канцэрт каманды ў "Мінск-Арэне" 1 снежня. Маўляў, прыйшоў час высветліць накіраванасць канцэрта і адпаведнасць заканадаўству.

Але, як высветлілася, журналісты некарэктна перадалі словы намесніка генпракурора Аляксея Стука.

"Мы не кажам пра тое, што Генеральная пракуратура будзе правяраць гэты канцэрт: Аляксей Канстанцінавіч [Стук] гэта не заяўляў, — тлумачыць Еўрарадыё намеснік начальніка аддзела інфармацыі Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў. — Ён казаў, што калі ёсць пажаданне ўзяць будучы канцэрт пад кантроль, дык мы гэта зробім. Але гэта не тое, што мы ўжо абавязкова гэта зробім і запісалі сабе праверку ў графік".

Па словах Брылёва, былі выпадкі, калі канцэрты "Ленінграда" у Мінску прыпыняліся, і Шнураву рэкамендавалі прытрымлівацца беларускага заканадаўства. Што ён і рабіў — працягваў выступ без ужывання нецэнзурнай лаянкі.

 

 

У каго можа ўзнікнуць жаданне правяраць канцэрт? Спікер Генпракуратуры мяркуе, што тэарэтычна гэтага можа запатрабаваць Мінгарвыканкам. Але, па словах Брылёва, прэтэнзій да "Ленінграда", хутчэй за ўсё, не будзе:

"Мне падаецца, рэпертуар гурта "Ленінград" вядомы. І калі арганізатары будуць праводзіць яго пад знакам 18+ , дык чаму і не? Туды ходзяць дарослыя і свядомыя людзі",  — працягвае Дзмітрый Брылёў.

То бок, пытаемся мы, калі б арганізатары паставілі значок 18+ на афішу канцэрта Face, яго б дазволілі? 

"Генеральная пракуратура не адмяняла канцэрты рэпера Face. Яна выявіла неадпаведнасць з заканадаўствам і прапанавала арганізатарам прывесці гастрольнае пасведчанне, якое яны атрымалі, у адпаведнасць з заканадаўствам. Але, магчыма, арганізатарам нявыгадна было гэта рабіць, ці яны не паспявалі, таму канцэрт давялося адмяніць. Трэба не хітрыць і ад пачатку заяўляць карэктны знак узроставай катэгорыі. Тады не будзе да іх ніякіх пытанняў", — падсумоўвае Брылёў.

 

Канцэрты ў Мінску адмяняюцца не толькі праз неадпаведнасць песень узроставаму цэнзу. Нашмат часцей прычынай служыць тое, што сталічныя ідэолагі лепяць на гурт цэтлік "нізкі мастацкі ўзровень". Ёсць версія, што так яны паступаюць з артыстамі, чыю творчасць не разумеюць, бо не слухаюць сучасную музыку і не сочаць за сусветнымі тэндэнцыямі.

Ну а "Ленинград" — бадай што адзіны гурт, чыя  нецэнзурная лаянка на канцэртах ды ў кліпах чамусьці лічыцца прымальнай. У час, калі Мінгарвыканкам адзін за другім забараняе выступы замежных зорак накшталт Die Antwoord, рэпераў Face, Schock, Элджэя, моднага праекта АИГЕЛ, "Ленинград" бесперашкодна збірае буйныя пляцоўкі і выступае на беларускіх фестывалях.

Перад канцэртам 1 снежня "Ленинград" выступіць на буйным беларускім оўпэн-эйры Lidbeer. І ніхто нічога правяраць не будзе.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі