Што такое “нізкі мастацкі ўзровень”? Прамоўтары патрабуюць адказу ад чыноўнікаў

Што такое “нізкі мастацкі ўзровень”? Прамоўтары патрабуюць адказу ад чыноўнікаў

З нагоды “нізкага мастацкага ўзроўню” артыстаў у Мінску за апошнія некалькі месяцаў было забаронена каля 10 канцэртаў. Прычым, не змаглі выступіць у сталіцы абсалютна розныя выканаўцы: ад расійскіх рэпераў Face і Элджэя да сусветна вядомага гурта Die Antwoord. Канцэртным прамоўтарам сітуацыя надакучыла, і яны напісалі адкрыты ліст у Мінгарвыканкам.

Што такое “нізкі мастацкі ўзровень”? Прамоўтары патрабуюць адказу ад чыноўнікаў

Я з гэтым сам сутыкнуўся — мне не далі гастрольку на правядзенне канцэрта расійскага гурта “Эхо прокуренных подъездов” акурат з-за “нізкага мастацкага ўзроўню”, — кажа Павел Юрцэвіч, уладальнік бара ili, ініцыятар звароту. — Я вычытаў усе тэксты, выслухаў усе песні. Нічога нідзе няма. Звычайная музыка маладых людзей… Здзіўляюць незразумелыя фармулёўкі. Калі ёсць закон, там канкрэтна прапісана што можна, а чаго нельга. А падобныя фармулёўкі кшталту “нізкі мастацкі ўзровень” — гэта ні пра што. Паколькі фармулёўку сталі прымяняць часцей, то хацелася праясніць сітуацыю”.

На думку Юрцэвіча, працягваць “праглынаць” адмовы сэнсу няма — варта ўступаць у дыялог з уладамі.

“Мы настроеныя мірна: хочам разабрацца, бо гэта канкрэтна перашкаджае нам працаваць і выконваць абавязкі, якія мы на сябе ўзялі, адкрыўшы камерцыйныя структуры”, — кажа Павел. Акрамя Юрцэвіча сярод тых, хто хоча яснасці ад чыноўнікаў, — Сяргей Будкін, Макс Старцаў, Уладзімір Плавінскі, Аляксандр Багданаў, Іван Селішчаў і іншыя арганізатары.

У лісце арганізатары просяць патлумачыць, якімі нарматыўнымі дакументамі рэгламентаваны тэрмін “нізкі мастацкі ўзровень”. Таксама цікавяцца, якіх тэм варта пазбягаць у тэкстах песень, якіх слову, словазлучэнняў, рыфмаў не павінна быць, якіх гукавых альбо інструментальных сугуччаў трэба пазбягаць, якія тэмпы, рытмы, метры, гарманічныя абароты і меладычныя лініі падпадаюць пад вызначэнне "нізкі мастацкі ўзровень”?

Што такое “нізкі мастацкі ўзровень”? Прамоўтары патрабуюць адказу ад чыноўнікаў
Сяргей Будкін,фота budzma.by

“Я маю досвед вырашэння гэтага пытання ў судзе, — каментуе ліст адзін з падпісантаў, журналіст Сяргей Будкін. У свой час  ён судзіўся з Мінгарвыканкамам з-за адмены канцэртаў Алеся Дзянісава, але суддзя яго не падтрымаў. — Натуральна, трэба казаць пра гэтую ненармальную сітуацыю, таму што мастацкія камісіі апошнім часам перавысілі ўсе магчымыя і немагчымыя дапушчэнні. Мы маем справу з чыстай цэнзурай і дзясяткамі адмен канцэртаў, прычым, незразумела па якіх крытэрыях”.

Будкін мяркуе, што пры еднасці арганізатараў магчыма дасягнуць нейкіх вынікаў. Але яго калега, дырэктар BoPromo Аляксандр Багданаў у хуткае вырашэнне пытання не верыць: маўляў, адказ чыноўнікаў стане пачаткам доўгага шляху.

Што такое “нізкі мастацкі ўзровень”? Прамоўтары патрабуюць адказу ад чыноўнікаў

“Я не разумею забароны АИГЕЛ у Беларусі. Я рабіў ім першы канцэрт у Мінску ў “Корпусе”. Гастролька падавалася з тэкстамі песень першага альбома. Там ёсць моманты, да якіх, тэарэтычна, можна прыдрацца, хоць і  вельмі нацягнута. Але гастрольку далі, — разважае Багданаў. — А цяпер канцэрт забаранілі. Гастролькі падаваліся некалькі разоў. Не толькі мной. Правяралі, ці няма чорнай меткі на арганізатары. Не. Справа ў гурце. Хаця ў апошнім альбоме, які гурт мусіў прэзентаваць у Мінску, нічога няма. Увогуле нічога. Там няма нічога пра турму, ніякай “жэсці”, ніякіх мацюкоў. Магчыма, псіхадэлічная электроніка закранула тонкі слых некага з камісіі”.

Цікава, каго менавіта: кіраўніка шоу-балета “Феерыя”, кіраўнікоў “Мінскканцэрта”, “Тэатра эстрады” і “Моладзевага тэатра” ці трох чыноўнікаў Мінгарвыканкама, якія ўваходзяць у высокую камісію?

Па словах Багданава тэрмін “нізкі мастацкі ўзровень” непрымальны ў прынцыпе, тым больш, у юрыдычных фармулёўках, бо “нізкі мастацкі ўзровень” — гэта ўражанне, якое залежыць ад настрою, эмоцый, погляду аднаго чалавека.

Па законе аб зваротах грамадзян, Мінгарвыканкам мусіць адказаць арганізатарам канцэртаў цягам 15 працоўных дзён. Чакаем.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі