Беларусы-добраахвотнікі: без грамадзянства Украіны і статуса ўцекача
Чаму вырашыў прасіць ва Украіне статус уцекача, як паставіўся да адмовы, колькі беларусаў загінула на Данбасе, распавядае добраахвотнік з пазыўным Док
Даведка Еўрарадыё: Адпаведна з пагадненнем паміж кабінетам міністраў Украіны і урадам Рэспублікі Беларусь пра безвізавыя паездкі грамадзян ад 23.09.2009 года, грамадзяне Беларусі могуць знаходзіцца на тэрыторыі Украіны не больш за 90 дзён цягам паўгода. Без рэгістрацыі можна знаходзіцца ва Украіне цягам 30 дзён.
Еўрарадыё: Як даўно ты ва Украіне?
Док: З траўня мінулага года. Я прыехаў і ўжо на наступны дзень быў запісаны ў склад байцоў батальёна “Данбас”. Цяпер ва ўкраінскай прэсе з’яўляюцца публікацыі на тэму, ці рэальна існаваў батальён “Данбас”, ці сапраўды ён браў удзел у баявых дзеяннях, ці гэта была такая афёра Сямёна Сяменчанкі і шэрагу чыноўнікаў? Вясной мінулага года ён сапраўды рэальна існаваў. Праблема была толькі ва ўзбраенні — людзей было разоў у 10 больш, чым аўтаматаў. Але хутка пасля майго прыезду кіраўніцтва прыняло рашэнне аформіць батальён афіцыйна. Нас паставілі перад фактам і мы афіцыйна аформіліся, батальён прайшоў навучанне, былі сфарміраваныя па штаце абсалютна легальныя падраздзяленні і ўжо ў ліпені 2014 года нас накіравалі на фронт. З лютага я ваюю ў складзе ДУК “Правы Сектар”, а цяпер у нас "Тактычная група “Беларусь”" у складзе Правага сектара.
Еўрарадыё: Ужо ў той час прэзідэнт Украіны заявіў, што дасць замежнікам, якія ваююць за Украіну, украінскае грамадзянства, а дэпутат Вярхоўнай Рады Дзмітрый Тымчук распрацаваў праект закона, які павінен быў паспрыяць легалізацыі замежнікаў…
Док: Усе гэтыя словы я чуў год таму. Перад намі на плацы выступаў Антон Герашчанка (дарадца міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава, — Еўрарадыё), а потым па-сяброўску мяне абдымаў за плячо і казаў: “Зробім вам партызанскі беларускі атрад, зробім вам грамадзянства — будзеце ваяваць, супакойцеся”. Так прайшоў жнівень 2014 года, здарыўся Ілавайскі кацёл, пасля якога батальён вярнуўся на ратацыю і мы зноў заняліся гэтым пытаннем, падалі Авакаву (бо батальён увайшоў у склад МУС) прашэнні на імя прэзідэнта Украіны аб прадстаўленні нам грамадзянства. Але цягам года рука ў яго не паднялася, каб падпісаць нашы прашэнні і перадаць іх Парашэнку. Цікава, што сам Парашэнка 2 снежня 2014 года з трыбуны Вярхоўнай Рады сказаў нам: “Мы разглядзелі вашы прашэнні і я іх вырашыў падпісаць — вы добрыя хлопцы і вы ваявалі!” І на гэтым усё скончылася.
Еўрарадыё: А што пра законапраект Тымчука?
Док: Вы ведаеце, што ім спатрэбіўся амаль год на тое, каб за эты законапраект прагаласаваць у першым чытанні? Сказаць сёння, колькі часу ён будзе галасавацца ў другім чытанні, немагчыма. І ці будзе ўвогуле пастаўлены на галасаванне. Але калі ўявіць, што яго хутка прымуць, то невядома колькі часу будуць распрацоўвацца механізмы яго выканання. А чыноўнікі засталіся ў дзяржструктурах ранейшыя, і яны свядома будуць тармазіць гэты працэс.
Еўрарадыё: Праз Авакава вырашыць пытанне з атрыманнем грамадзянства не атрымалася, але цяпер ты ў Правым сектары — праз дэпутата ВР Дзмітрыя Яраша паўтарыць спробу не думалі?
Док: Падаваў і Яраш спісы на атрыманне грамадзянства, але нічым гэта не завяршылася. Таму я пачаў шукаць іншыя шляхі, каб сябе неяк легалізаваць. І вырашаў падаць дакументы на атрыманне статуса ўцекача. Цікава, што ўжо пры падачы мяне спрабавалі падлавіць на розных пытаннях, каб адмовіць нават у прыёме дакументаў. Усё ж, дакументы ў мяне прынялі, але праз пару дзён, 10 жніўня я атрымаў афіцыйны адказ, што ў статусе уцекача мне адмоўлена. Мне напісалі, што доказаў таго, што на радзіме мне могуць пагражаць турма ці нават забойства, я не прадставіў і што, маўляў, на самой справе мне нічога не пагражае.
Еўрарадыё: А чаму такая ўпэўненасць, што нешта пагражае?
Док: А што было з тымі актывістамі, якія проста выходзілі на беларускія вуліцы з украінскім сцягам? Іх аператыўна пакавалі і альбо адпраўлялі на “суткі”, альбо давалі штрафы і кухталёў. А што чакае чалавека, які ваяваў пад украінскім і нацыянальным бел-чырвона-белым беларускім сцягам? Старшыня КДБ сказаў прама: “Усіх, хто ваюе ва Украіне мы пасадзім”. Тут цікавае іншае: пасля таго, як ён гэта заявіў, мне некалькі разоў людзі расказвалі пра тое, што беларусы, якія ваююць за сепаратыстаў, спакойна прыязджаюць дамоў “на ратацыю” — адпачылі і зноў едуць ваяваць у “ДНР/ЛНР”.
Еўрарадыё: Вярнуліся ў Беларусь праз Расію ці Польшчу, сказалі, што былі на заробках — хто што дакажа?
Док: Тэарэтычна, гэта магчыма здзейсніць тэхнічна, але… Сваякоў іншых нашых хлопцаў цягалі на допыты ў КДБ. Маіх пакуль не краналі, але хто ведае, як яно далей павернецца.
Еўрарадыё: Што далей будзеш рабіць?
“Док”: Буду падаваць у суд і абскарджваць адмову ў прадстаўленні статуса бежанца, бучу буду праз СМІ ўздымаць.
Еўрарадыё: А навошта? Ну, маюць да вас прэтэнзіі міграцыйныя чыноўнікі, але яны што, паедуць на перадавую, каб вас дэпартаваць з краіны?
Док: Вядома, не. Але ж ты не можаш быць на фронце пастаянна. Трэба адпачынак, ратацыя. І вось табе прапаноўваюць прыехаць у Кіеў на які месяц на ратацыю. А зрабіць гэта легальна, калі ва Украіне ты знаходзішся нелегальна, немагчыма. Не, дзякуючы таму, што ва Украіне цяпер ёсць невялікая анархія, па ёй нават без дакументаў можна паціху перасоўвацца. Але ў любым мірным горадзе цябе можа спыніць паліцэйскі, праверыць дакументы і адразу цалкам законна дэпартаваць.
Еўрарадыё: Не магу ўтрымацца ад пытання: лічыцца, што ваяваць за Украіну едуць найперш беларускія нацыяналісты, а ты адказваеш мне па-руску і я падазраю, што ты нават палітычным ці грамадскім актывістам на радзіме не быў.
Док: Ёсць тут і беларускамоўныя нацыяналісты ды палітычныя актывісты. Але пераважная большасць, і я ў тым ліку, ніколі такім “ідэйным” на радзіме не быў. Проста разумееш, я глядзеў жывыя трансляцыі з Майдана і даволі хутка для сябе зразумеў, на чыім баку праўда і чыя рука за якімі падзеямі стаіць. Таму я тут не для таго, каб, як пафасна кажуць, “бараніць Беларусь ва Украіне”, я тут, каб бараніць Украіну найперш. Банальнае жаданне абараніць “бок праўды”.
Еўрарадыё: Ужо былі чуткі пра забітых на Данбасе беларусаў. Ты пра такія выпадкі ведаеш?
Док: Ні я, ні нехта з маіх знаёмых пра такія выпадкі не чуў. Магчыма, нехта сябе не афішаваў і мы нават не ведалі, што ён з Беларусі, і такое з ім здарылася. Але ўсе суайчыннікі, якіх мы ведаем, жывыя. Вядома толькі пра аднаго параненага пад Валнавахай. Крыху раней быў паранены беларус, баец батальёна “Азоў”. Расіянам менш пашэнціла: у іх ужо каля 20 чалавек загінула. Не ўсё шыкоўна ў грузін і чачэнцаў. Беларусам пакуль шанцуе.
Еўрарадыё: Няма крыўды на ўкраінскія ўлады за такія адносіны да вас? Няма жадання сказаць, маўляў, мы тут за вас кроў праліваем, а вы нас як сабак якіх шпыняеце!”?
Док: Бывае. Але за нас гэтыя словы кажуць украінцы, якія ведаюць нашу сітуацыю. Пазіцыя ўкраінскай улады — гэта не пазіцыя ўкраінскага народа. А мы ж сюды прыехалі не ўлады абараняць. Тут іншае, пры такім стаўленні і да нас, і да свайго народа ці доўга такая ўлада пратрымаецца.
Еўрарадыё: Цяпер шмат кажуць пра магчымыя расстройствы псіхікі ў тых, хто быў на вайне, розныя посттраўматычныя сіндромы, вы гэтага ў сябе ці сваіх сяброў не назіраеце?
Док: Асабіста я лічу, што калі ўзяць людзей, якія ваявалі, і якія на вайне не былі, то больш адэкватныя тыя, хто ваяваў. Бо тыя, хто сочыць за вайной, седзячы на канапе, яны сабе нешта прыдумляюць, накручваюць сябе з-за міфічных здрадаў — з імі нервовыя зрывы і здараюцца. А тыя, хто ваяваў, глядзяць на рэчы проста: чорнае-белае, здраднік-патрыёт, добры чалавек ці дрэнны. Так, ёсць пэўная нярвознасць, але гэта ў людзей, якія безвылазна знаходзяцца год-паўтары на вайне. Але ж калі чалавек столькі часу будзе безвылазна сядзець у офісе, то і ў яго будзе такое ж расстройства з-за адсутнасці адпачынку. Але ж не з-за гэтых “сіндромаў” ці “расстройстваў” нас беларускія ўлады баяцца! Яны нават тых людзей, якія хадзілі са сцягамі баяліся, а што ўжо казаць пра людзей, якія былі пад абстрэламі, страчвалі сяброў?
Еўрарадыё: Не думаў ажаніцца з украінкай і такім чынам вырашыць пытанне легалізацыі?
Док: Каб ажаніцца, тут трэба знаходзіцца легальна. А ў мяне час легальнага знаходжання ва Украіне прайшоў год таму.
Фота з архіву Дока