Беларусы рыхтуюцца да барацьбы за прыродныя рэсурсы Антарктыды
Будаўніцтва беларускай антарктычнай станцыі пачнецца восенню. Да таго часу на ледзяны кантынент прывязуць першы модуль для станцыі.
Запланавана, што будаўніцтва завершыцца ў 2018 годзе. Пакуль жа беларускія палярнікі карыстаюцца расійскай станцыяй "Прагрэс".
Навукоўцы кажуць, што правядзенне антарктычных экспедыцый — гэта праца нашай дзяржавы на будучыню, на аддаленую перспектыву. Як мяркуецца, калісьці пачнецца змаганне за прыродныя рэсурсы ў Антарктыдзе і прысутныя там беларусы ў гэтым паўдзельнічаюць.
"Я не гавару пра тое, што шосты кантынент будзе абавязкова дзяліцца на ўчасткі. Але яго прыродныя рэсурсы адназначна будуць выкарыстоўвацца ў будучыні", — цытуе словы кіраўніка беларускай арктычнай экспедыцыі Аляксея Гайдашова БЕЛТА.