Беларусы спрабуюць растлумачыць свае высокія снежаньскія заробкі
Фота: Eric Constantineau/flickr.com
Снежаньскі заробак сярэдняга беларуса вырас адразу на паўпенсіі — на 158 рублёў 40 капеек. Можна здзівіцца, але трэба парадавацца: за апошнія пяць гадоў гэта самае вялікае павышэнне зарплаты ў снежні. Ды што там за пяць гадоў! У 2013 годзе снежаньскі заробак павялічўся на 50 рублёў 60 капеек (з папраўкай на дэнамінацыю), у 2014 — на 61 рубель, у 2015 — на 67 рублёў 50 капеек, у 2016 — на 84 рублі. І вось у снежні 2017-га сярэдні заробак дасягнуў 995 рублёў 30 капеек. Да запаветных абяцаных 500 долараў не хапае бездапаможных пяці.
Усе разумеюць, радавацца рана. А ў студзені даведаемся, наколькі рана. Штогод пасля зімовых святаў узровень сярэдняй заработнай платы рэзка падае, дасягаючы снежаньскага "смачнага" заробку толькі праз некалькі месяцаў. У 2014 годзе гэта здарылася ў красавіку, у 2015 і 2017-м — у ліпені, а ў 2016 зарплата дасягнула снежаньскай толькі праз восем месяцаў! Неяк будзе цяпер? І што самі беларусы думаюць пра снежаньскі мегазаробак?
У прамысловасці сярэднія снежаньскія заробкі павялічыліся на 200 рублёў без адной капейкі, у ахове здароўя — амаль на 150 рублёў, у будаўніцтве — на 115.
"У будаўніцтве раз на раз не прыходзіцца, — кажа работнік будаўнічага ўпраўлення № 5 ААТ Будтрэст № 1 Аляксандр. — Ёсць работа — больш грошай, няма — менш". Пры гэтым зарплата Аляксандра ў снежні... ўпала. Раней атрымліваў 680-720 рублёў, а тут налічылі 640.
Медсястра Лідскай раённай бальніцы з 25-гадовым працоўным стажам ў снежні 2017 года атрымала 513 рублёў: "Працую на паўтары стаўкі, таму зарплата пабольш. На стаўку атрымлівала б каля 370 рублёў. У снежні прыкладна на 20 рублёў павысіўся аклад, плюс выдалі гадавую прэмію — 42 рублі".
Мікіта працуе аператарам на заводзе "Інтэграл" і кожны месяц атрымлівае 450 рублёў. Кажа, што быў здзіўлены, калі ўбачыў у разліковыя лісткуснежаньскую зарплату — 650 рублёў!
"Там не было пазначана, што гэта прэмія. Звычайна, калі выдаюць прэміяльныя, то іх прапісваюць у асобны радок. А ў снежні як быццам нам на 200 рублёў павысілі зарплату, але, на самой справе, мы ведалі, што гэта прэмія. Можа быць, у разлікоўцы ў гэтым месяцы гэтую прэмію як-небудзь прапішуць".
Урач-гінеколаг жаночай кансультацыі Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы заўважыла, што аклад павысіўся на 16 рублёў (з 393 да 409).
"У папярэдні месяц я атрымала каля 600 рублёў, але, на самой справе, зарплата ў мяне меншая, — удакладніла суразмоўца. — У гэтую суму ўвайшла матэрыяльная дапамога — 42 рублі і прэмія з эканоміі фонду заработнай платы — 30 рублёў. Гэта ого! Таму што ёсць месяцы, калі прэмія была 13 рублёў, ёсць, дзе 6 рублёў, а было і 86 капеек — за платныя паслугі. А вось у снежні, вядома, прыстойна атрымалася, але не думаю, што гэта будзе рэгулярна".
На пытанне "Еўрарадыё", ці патлумачылі ёй на працы, чаму на гэты раз выдалі менавіта такую прэмію, урач адказала: "Не, усё маўчаць. А то пачнеш разбірацца — адбяруць і гэта".
Дарэчы, у 2017 годзе зарплаты чыноўнікаў выраслі на траціну, а ў снежні на 20%. І калі на пачатку года розніца паміж сярэдняй зарплатай чыноўніка і настаўнікі была 269 рублёў, то ў снежні гэтая розніца павялічылася ў два разы — да 530 рублёў.