"Беларусы, я намі ганаруся!" — Ціханоўская пра збор для палітвязняў
У Беларусі налічваецца 1475 прызнаных праваабаронцамі палітвязняў / Еўрарадыё
За два дні для палітзняволеных і іх сем’яў на марафоне “Нам не ўсё адно!” было сабрана больш за 574 тысячы еўра. Гэта ў 2,5 разы больш, чым спачатку разлічвалі сабраць яго арганізатары.
Для правядзення марафона аб’ядналіся 30 медыяў. Сярод іх мы з вамі: у суботу Еўрарадыё адказвала за 3 з 12 “актыўных” гадзін марафона, і за гэты час было сабрана больш за 87 тысяч еўра.
Агулам грошы ахвяравалі 11420 чалавек.
"Беларусы, я намі ганаруся! — піша кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская. — ...Гэты марафон зноў даў веру ў тое, што мы, беларусы, здольныя аб’яднацца. Мы здольныя дапамагаць адно аднаму, дзе б мы ні знаходзіліся. Разам мы зноў паказалі ўсяму свету, што нам не ўсё адно на лёсы тых, хто зараз знаходзіцца ў закладніках рэжыму... Цягам тыдня ўсе сабраныя грошы Назіральная рада на чале з прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета Воляй Гарбуновай размяркуе паміж 13 ініцыятывамі і фондамі. У арганізацыяў будзе 2 месяцы на тое, каб накіраваць дапамогу палітзняволеным і іх блізкім. А ўжо ў лістападзе мы ўбачым публічную справаздачу".
На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1475 прызнаных праваабаронцамі палітвязняў. Насамрэч іх значна больш.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.