Больш за 130 чалавек звярнуліся да медыкаў за тыдзень з галалёднымі траўмамі
У ранішнія гадзіны на дарогах з'яўляецца галалёд / БЕЛТА
За тыдзень 131 чалавек звярнуўся да медыкаў з галалёднымі і халадовымі траўмамі, распавялі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
Больш за ўсё пацярпелых ад дрэннага надвор'я — у Гродзенскай вобласці. Тут зарэгістравана 57 такіх пацыентаў. У большасці выпадкаў (54) — гэта галалёдныя траўмы, але тры чалавекі звярнуліся і з халадовымі. 17 чалавек давялося шпіталізаваць.
У Мінску зарэгістраваныя 26 пацярпелых, з іх траім спатрэбілася шпіталізацыя. 20 чалавек звярнуліся па дапамогу ў Віцебскай вобласці (у большасці выпадкаў гэта галалёдныя траўмы), 22 — у Мінскай вобласці, 3 — у Гомельскай. У Магілёўскай вобласці ў бальніцу трапілі 2 пацыенты з халадовай траўмай. Адзін такі пацыент шпіталізаваны ў Брэсцкай вобласці.
Медыкі нагадваюць, што ў перыяд галалёду асабліва небяспечныя могуць быць прыступкі пад'ездаў і падземных пераходаў, прыпынкі грамадскага транспарту і дзіцячыя горкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.