Большасць удзельнікаў перформансу у Асвенцыме не ведалі, што пральецца кроў

Большасць удзельнікаў перформансу у Асвенцыме не ведалі, што пральецца кроў

Большасць удзельнікаў перформансу у Асвенцыме не ведалі, што пральецца кроў. Пра гэта Еўрарадыё распавёў тэатральны рэжысёр Зміцер Чарткоў, адзін з удзельнікаў акцыі.

Як вядома, раённы суд польскага Асвенцыма разглядае справу аб апаганьванні мемарыялу, у чым абвінавачваюцца 12 чалавек, у тым ліку 4 беларусы. 24 сакавіка 2017-га яны зладзілі перформанс каля брамы былога нацысцкага канцлагера Аўшвіц, які назвалі “антываенным пратэстам”. Група маладых людзей распрануліся дагала і скаваліся кайданкамі, павесілі банер “Love”, забілі ягня. Прысуд будзе агучаны 17 студзеня. Арганізатарам пагражаюць вялікія тэрміны: Адаму Бяляцкаму (сыну праваабаронцы Алеся Бяляцкага), які скончыў Вышэйшую дзяржаўную школу кінематографа, тэлебачання і тэатра ў Лодзі — 2 гады і 6 месяцаў зняволення, Мікіце Валадзько, які скончыў Вышэйшую тэатральную школу ў Кракаве — 2 гады і 2 месяцы.

Еўрарадыё: Што азначаў гэты перформанс?

Зміцер Чарткоў: Мы прыйшлі на месца масавых забойстваў людзей у Аўшвіц, як на медыяльную пляцоўку, каб выказаць свой пратэст супраць войнаў, якія адбываюцца ў свеце. Асабліва нас клапоціць вайна ў суседняй Украіне ды ў Сірыі. Мы знялі з сябе вопратку і агаласілі маніфест, усталі на калені і маліліся, каб стрымаць вайсковыя канфлікты. Гэта наша грамадзянская пазіцыя і мы хацелі, каб нас пачулі.

Еўрарадыё: Але вы маліліся аголенымі — гэта неяк складана сумяшчаецца з малітвай…

Зміцер Чарткоў: Людзі, якіх масава забівалі ў Аўшвіц, таксама былі без вопраткі… Гэты мастацкі сімвал сувязі з ахвярамі Аўшвіц і тымі, хто гіне ад войнаў. Мы былі на марозе, цярпелі, людзі таксама церпяць. Мы паказалі сваю лучнасць з гэтымі пакутамі. Абралі такі сродак мастацтва, каб прадэманстраваць безабароннасць і чысціню.

Еўрарадыё: Вы кажаце пра пралітую нявінную кроў? Але пры гэтым прынеслі рытуальную ахвяру — забілі ягня. Цяпер вам інкрымінуюць і жорсткае абыходжанне з жывёламі.

Зміцер Чарткоў: Пра тое, што падчас перформансу будзе забіта жывёла, мы не ведалі, арганізатары [Адам Бяляцкі і Мікіта Валадзько] нам гэтага не сказалі. Мы самі былі шакаваныя і не былі да гэтага падрыхтаваныя. Калі б ведалі, то не ўзялі б у гэтым удзел, таму што гэта бессэнсоўнае праліццё крыві, супраць чаго мы і выступалі. Тлумачэнне ад арганізатараў я таксама не атрымаў.

Еўрарадыё: Але перад перформансам, калі ішлі на гэтую акцыю, вы чыталі польскае заканадаўства, якія могуць быць наступствы вашага ўчынку?

Зміцер Чарткоў: Я — мастак. І калі ішоў, ведаў, што іду без дазволу, магу парушыць адміністрацыйны кодэкс, які датычыць маральнасці і парнаграфіі. Але тое, што мы можам зняважыць гістарычны помнік, такіх інтэнцыяў у нас не было. Немцы каралі тых, хто хаваў габрэяў. Калі мы выходзім на пратэст, то не заўсёды прытрымліваемся таго, што ад нас патрабуе закон.

Еўрарадыё: Сярод удзельнікаў групы, якая зладзіла перформанс, нямала беларусаў. Узнікае пытанне, чаму вы абралі для перформансу Аўшвіц, а не Хатынь ці Трасцянец?

Зміцер Чарткоў: Так склалася, што наша група тады была ў Польшчы. Выбралі Аўшвіц, бо гэта самае вядомае месца забойства людзей у Еўропе. І да гэтага месца будзе ўвага. Думалі пра Срэбрэніцу, дзе быў таксама генацыд, але не склалася.

Еўрарадыё: Зараз увага да перформансу, бо судовы працэс. Але ці былі вы задаволеныя розгаласам у СМІ адразу пасля вашай акцыі?

Зміцер Чарткоў: Тут шмат пытанняў да арганізатараў. Я — тэатральны рэжысёр і ведаю, як робяць правакацыйныя акцыі. Таму, калі нас затрымалі, мы не маглі падаць ніякай інфармацыі. Нехта напісаў, што гэта нейкія “ідыёты забілі барана і распрануліся ў Аўшвіц”, а некаторыя радыкальныя рэсурсы нас нават назвалі “неанацыстамі”. Але перформанс быў зусім пра іншае. Адбылася падмена паняццяў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі