Боты, шкарпэткі і шпалеры: што сабралася на беларускіх складах

Гэты склад яшчэ нічога... / Еўрарадыё
Гэты склад яшчэ нічога... / Еўрарадыё

За кастрычнік складскія запасы ў Беларусі выраслі на 175,3 млн. руб. Да 1 лістапада яны склалі 5 035,8 млн. рублёў, пра гэта піша газета "Беларусы і рынак".

Каб ацаніць запасы гатовай прадукцыі, іх часта параўноўваюць з сярэднемесячным аб'ёмам вытворчасці. Да 1 лістапада гэтыя суадносіны дасягнулі 65,3% супраць 59,1% у студзені — кастрычніку 2018 года.

Пералік самых "запаслівых" узначальвае лёгкая прамысловасць. Гумовых ботаў гэтая галіна вырабіла аж на 11 месяцаў наперад: 913 тысяч пар. Вытворчасць ваўняных тканін можна спыніць на шэсць з паловай месяцаў — і ніхто не заўважыць. Іх назапашана 1,4 млн. квадратных метраў. На тры месяцы краіне хопіць льняных тканін, якія ўжо ляжаць на складах (6,6 млн квадратных метраў).

Панчохава-шкарпэткавых вырабаў, дублёнай і вырабленай скуры і торбаў у Беларусі выраблена на тры месяцы наперад. А вось беларускія дываны прадаюцца добра: на складах іх толькі 51,3% ад сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці.

У дрэваапрацоўцы назапасіўся больш чым трохмесячны запас шпалер: 9,1 млн. умоўных кавалкаў. У нафтахімічнай галіне продаж ідзе амаль "з колаў". Хіба што — сінтэтычных мыйных сродкаў на складах назапашана 130% ад аб'ёму сярэднямесячнай вытворчасці. Можа быць, менавіта з гэтым звязана агучанае ў лістападзе жаданне Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю абавязаць імпарцёраў і пастаўшчыкоў дэклараваць адпаведнасць на сінтэтычныя мыйныя сродкі і пральныя парашкі? Новаўвядзенне ўступае ў сілу з 24 красавіка 2020 года.

А вось інфармацыяй аб непрададзеных тэлевізарах Белстат не падзяліўся. Але ж за 10 месяцаў года іх вытворчасць у Беларусі вырасла на 77,9% — да 837 600 штук! Гэтага хапіла б, каб тэлевізар у доме абнавіла кожная трэцяя сям'я. Цікава было б даведацца і пра лёс больш чым 15 тысяч выпушчаных у Беларусі з пачатку года легкавых аўтамабіляў. Але дадзеных аб тым, колькі іх засталося стаяць на складах, няма. На фота стаянкі завода "БелДжы" пад Барысавам аўтамабіляў шмат, у іншыя часы іх бывала і менш. Але, вядома, тут не 15 тысяч. Нават тысячы няма:

Сапоги, носки и обои: что скопилось на белорусских складах
Завод "БелДжы" на гугл-картах

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі