Брагінскія міліцыянты выратавалі лася, які праваліўся пад лёд
У Чарнобыльскай зоне Брагінскага раёна міліцыянты выратавалі з ракі лася, паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама. Здарэнне адбылося, калі міліцыянты патрулявалі зону адсялення і адчужэння.
На службовай машыне яны ехалі ўздоўж Несвіча, прытоку ракі Брагінкі. За сто метраў ад дарогі мужчыны заўважылі цёмную пляму сярод лёду. Калі вырашылі падысці і праверыць, то пабачылі, што ў палонцы знаходзіцца жывы лось.
Відавочна, жывёла пераходзіла раку і правалілася на тонкім лёдзе. Міліцыянты вырашылі ратаваць жывёлу, але шмат якія спосабы не пасавалі. Пад'ехаць на машыне было нельга, бо мясцовасць багністая і не трымае транспарт. Да жывёлы нельга было дабрацца ні з шанцавым інструментам, ні з вяроўкай. Тады мужчыны знайшлі доўгае бервяно, каб праломваць ім лёд да самага берага. Больш за гадзіну міліцыянты крышылі лёд.
Выскачыўшы з вады, лось адразу ж паваліўся на зямлю і некалькі хвілінаў не мог падняцца. Потым ён усё ж стаў на ногі і пайшоў у лес.