Брэсцкая мастачка на адкрыццё сваёй выставы прыехала на кані (фота)

Брэсцкая мастачка на адкрыццё сваёй выставы прыехала на кані (фота)

У Брэсце адкрылася юбілейная выстава эпатажнай мастачкі Наталлі Чарнагаловы. Сёлета яна святкуе 40-годдзе творчасці. За гэты час мастачка паспела зладзіць каля 500 персанальных выставаў.

Па традыцыі Наталля Чарнагалова прыехала па адкрыццё сваёй выставы на белым кані. Брэстаўчанка праехалася па пешаходнай вуліцы Савецкай, чытаючы ўласныя вершы ды запрашаючы мінакоў у галерэю.

Выставу “О Бог! О, Сонца! О, Любоў!” Чарнагалова прэзэнтавала ў выставачнай зале Грамадска-культурнага цэнтра. У каментары Еўрарадыё мастачка прызнаецца, што ў сваёй майстэрні мае тысячы карцін, але складаць экспазіцыю прыйшлося з тых, якія атрымалася транспартаваць у выставачную залю.

Чарнагалова: “Гэта апошнія мае працы, якія я змагла змясціць у меленькую грузавую машыну. Велізарныя палотны папросту не змясціліся. Я прывезла з майстэрні тое, што было магчыма. Я не магу, як шматлікія мастакі, выбіраць лепшае. Патрэбны тры дні, каб перабіраць працы. Для гэтага не абыйсціся без роты салдат, а ў мяне яе няма!”.

Павіншаваць мастачку на юбілейную імпрэзу прыйшлі прыхільнікі яе творчасці, калегі па цэху ды мясцовыя чыноўнікі.

Выстава Наталлі Чарнагаловы будзе працаваць да 25 чэрвеня. Штодня на ёй будзе прысутнічаць і сама мастачка, у якой можна набыць ці ўжо гатовую карціну, ці на месцы замовіць партрэт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі