Брусель патрабуе ў Беларусі патлумачыць затрыманне Шульц у Мінску
Еўрасаюз адрэагаваў на затрыманне ў Мінску часовай паверанай у справах ЕС у Беларусі Эвеліны Шульц, перадае DW.
Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства ЕС Петэр Стана заявіў: "Незаконнае затрыманне нашага дыпламата з'яўляецца сур'ёзным парушэннем Венскай канвенцыі аб дыпламатычных адносінах".
Па яго словах, часовага паверанага ў справах Беларусі ў Бруселі выклікалі ў ведамства і запатрабавалі тлумачэнняў з нагоды "сур'ёзнага здарэння". Стана падкрэсліў, што такі інцыдэнт не павінен паўтарыцца.
Як распавядала Еўрарадыё, Эвеліну Шульц затрымалі 6 верасня на выхадзе з будынка суда, дзе адбываўся працэс над 10 палітвязнямі. Яна правяла ў міліцыі дзве гадзіны, хаця паказвала міліцыянтам паказвала дыпламатычныя карту і пашпарт. Дарэчы, там на дыпламатку склалі пратакол.
Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі ацаніла гэты інцыдэнт як "недапушчальнае і абуральнае парушэнне дыпламатычнага статусу".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.