Брытанец, які выжыў пасля кантакту з "Навічком": Гэта масляністая субстанцыя

Брытанец, які выжыў пасля кантакту з "Навічком": Гэта масляністая субстанцыя

Брытанец Чарлі Роўлі, які выжыў пасля кантакту з нервова-паралітычным атрутным рэчывам "Навічок", расказаў пра тое, як яго знайшоў. Паводле яго слоў, флакон быў у дарагой на выгляд скрынцы і ў цэлафанавай упакоўцы, таму ён вырашыў, што гэта сапраўдныя духі. Дзе Роўлі знайшоў флакон, ён прыгадаць не змог. Знаходка некалькі дзён ляжала ў яго доме, а пасля ён падарыў яе сваёй сяброўцы Дон Стэрджэс. 9 ліпеня яна памерла ад атручвання "Навічком", Чарлі Роўлі выжыў.

Як інфармуе "Бі-Бі-Сі", Стэрджэс на вачах у Роўлі адкрыла "духі" і папырскала вадкасць сабе на запясці, пацёрла іх.

"Відаць так яна і захварэла, — кажа брытанец. — Напэўна, так аказаўся заражаны і я, калі я ўстаўляў распыляльнік ў флакон, частка вадкасці патрапіла мне на рукі, але затым я памыў рукі пад кранам".

Чарлі Роўлі распавядае, як выглядала атрутнае рэчыва: "Гэта была масляністая субстанцыя. Я яе панюхаў, але духамі не пахла. На руках адчувалася масляністасць. Я памыў рукі і больш аб гэтым не думаў. Усё адбылося вельмі хутка".

Ужо праз чвэрць гадзіны Стэрджэс стала кепска і ёй спатрэбілася меддапамога. Праз тыдзень яна памерла. Яшчэ праз два тыдні Роўлі выпісалі ў бальніцы.

Як вядома, Роўлі і Стэрджэс былі атручаныя праз чатыры месяцы пасля спробы забойства "Навічком" былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі. Іх жыцці ўдалося выратаваць брытанскім лекарам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, уладам Вялікабрытаніі вядомыя выканаўцы-расіяне. Масква ад самага пачатку адмаўляе сваю датычнасць да гэтай гучнай справы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі