"БСБ Банк" назваў рашэнне Нацбанка пра пазбаўленне ліцэнзіі жорсткім

"БСБ Банк" назваў рашэнне Нацбанка пра пазбаўленне ліцэнзіі жорсткім

"БСБ Банк" выступіў з заявай наконт сённяшняга рашэння Нацбанка. Як паведамляла Еўрарадыё, у "БСБ Банка" з 26 чэрвеня забіраюць ліцэнзію па працы з фізічнымі асобамі. Паводле Нацбанка, гэта тлумачыцца парушэннямі і недахопамі ў працы фінансавай установы, выяўленымі падчас праверкі.

У сваёй заяве "БСБ Банк" назваў такое рашэнне жорсткім і не адпаведным выяўленым парушэнням. Тым не менш кіраўніцтва банка заяўляе, што падпарадкуецца рашэнню банкаўскага рэгулятара. 

"БСБ Банк" папярэджвае сваіх кліентаў, што з 26 чэрвеня фізічныя асобы не змогуць ні зняць грошы са сваіх рахункаў, ні папоўніць іх, ні правесці плацяжы па картках. 

"Мы звяртаемся з просьбай да нашых кліентаў зняць грашовыя сродкі з усіх сваіх плацежных картак банка, а таксама з рахункаў фізічных асоб да 25 чэрвеня 2017 г. Пасля гэтай даты фізічныя асобы змогуць атрымаць свае сродкі ва ўпаўнаважаным банку", — гаворыцца ў заяве.

Каб кліенты маглі зняць свае грошы, банк адмяніў усе камісіі за зняцце грошай на тэрыторыі Беларусі. Фізічныя асобы могуць забраць свае грошы як у банкаматах, так і ў касах банка. 

З юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі "БСБ Банк" працягвае працаваць у поўным аб'ёме.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі