Бухвостаў: Сярод працоўных павінны з’явіцца новыя лідары
Адзін з лідараў незалежных прафсаюзаў Аляксандр Бухвостаў і палітык Віктар Івашкевіч параўналі сітуацыю на заводах сёння і 20 гадоў таму.
Пасля дэвальвацыі рубля, у доларавым эквіваленце заробкі істотна паменшыліся. Таму Еўрарадыё даведалася пра сітуацыю на заводах і прадпрыемствах ад аднаго з лідараў беларускага незалежнага прафсаюзнага руху Аляксандра Бухвостава. Ён разам з сябрам аднаго са страйкавых камітэтаў 1991 года Віктарам Івашкевічам правёў паралелі паміж сённяшнімі падзеямі і падзеямі таго часу.
Еўрарадыё: Якая зараз сітуацыя на беларускіх прадпрыемствах? Прайшлі чуткі, што сітуацыя на “Трактарным заводзе” вельмі складаная, ці вам пра гэта вядома?
Бухвостаў: “Так, учора была інфармацыя пра тое, што на "Трактарным заводзе" ўзніклі хваляванні ў цэхах, і крыніцы пацвердзілі, што гэта сапраўды ёсць. Я не бачу тут незвычайнасці, бо абвал, які адбыўся ў эканоміцы, балюча ўдарыў па працоўных і, натуральна, працоўныя будуць выказваць прэтэнзіі. Іншая справа, ці гэта будуць масавыя пратэсты, якія "выльюцца" вонкі, на Плошчу, ці гэта будуць лакальныя пратэсты, якіяз зможа падавіць адміністрацыя прадпрыемства. Тут пакуль гэта невядома”.
Еўрарадыё: Вашы прагнозы – ці стрымае адміністрацыя хваляванні?
Бухвостаў: "Гэта як “дыханне 1991 года”, калі працоўныя выйшлі на вуліцу пасля абвалу, які адбыўся з цэнамі ў той год. Гэта было даўно, і працоўныя, якія ўдзельнічалі ў тых дэманстрацыях, яны пастарэлі, але я думаю, што яны добра гэта памятаюць. З іншага боку, той адміністрацыйны рэсурс, які зараз уздзейнічае на працоўных, натуральна, гэта не параўнаць з тым, што было ў 1991 годзе. Усё залежыць ад таго, ці здолее працоўны пераадоліць страх і пратэст будзе значна мацнейшы, чым ціск адміністрацыі. Таму на заводах павінны ўзнікнуць новыя лідары, новыя арганізуючыя пачаткі, якія змогуць падняць працоўных супраць гэтага беззаконня"
Еўрарадыё: На піўным заводзе “Рэчыца” пратэсты скончыліся пасля таго, як працоўнікам выплацілі абяцаныя прэміі. Ці людзі чакаюць разавых урэгуляванняў, каб іх супакоіць. Ці настрой больш ваяўнічы?
Бухвостаў: "Тое, што адбылося зараз, разавымі прэміямі ўжо не супакоіш. Калі, напрыклад, на “Трактарным заводзе” заробак быў 700 долараў, а стаў 350 ці 300, як яго аднавіць да такога ўзроўню? А асабліва, калі людзі ўзялі крэдыты, валютныя крэдыты – яны трапляюць у кабалу. Тут пытанне перавядзецца ў палітычную плоскасць. Калі працоўныя зразумеюць, што гэта адбылося па віне кіраўніцтва краіны, а не кіраўніка прадпрыемства, то гэта павінна перайсці ў палітычныя хваляванні. Я разлічваю, што беларускія працоўныя скажуць сваё слова ў барацьбе за дэмакратыю і за змяненні ў Беларусі".
Еўрарадыё: Тыя рэшткі незалежных прафсаюзаў, якія засталіся, яны гатовыя да такіх падзеяў?
Бухвостаў: "Складана казаць. Справа ў тым, што цягам працяглага часу Лукашэнка змог загнаць незалежныя прафсаюзы фактычна ў падполье. Ёсць моцныя прафсаюзы на “Белкаліі”, яны павінны сказаць сваё моцнае слова ў пратэстах. На іншых заводах у нас невялікія арганізацыі. Я думаю, нашы людзі стануць арганізуючым пачаткам. Але сілаў у незалежных прафсаюзаў зараз няма і мы разлічваем на тое, што з’явяцца новыя лідары, з’явіцца запатрабаванасць у арганізацыі незалежных арганізацый працоўных"
Былы рэдактар газэты “Рабочы”, сябра аднаго са страйкавых камітэтаў Віктар Івашкевіч.
Еўрарадыё: Правядзіце, калі ласка, паралелі паміж тымі падзеямі 1991 года і сённяшнімі.
Івашкевіч: “Тое, што ідзе сацыяльная напруга, тое, што ідзе рэзкае збядненне – гэта вельмі падобна на тое, што было ў канцы 1990-га пачатку 1991 года. Розніцца, праўда, толькі ў тым, што тады, падчас перабудовы, было больш свабоды дзеянняў апазіцыйным групам – гучала ў прамым эфіры сесія Вярхоўнага Савета, дзе дэпутаты БНФ, апазіцыя, мелі магчымасць выступаць і шмат людзей маглі гэта чуць. А з іншага боку, зараз ёсць інтэрнэт – і ён, нейкім чынам, інфармацыйна кампенсуе.
Тая інфармацыя, якая прайшла пра страйк на “Рэчыцкім” піўным заводзе, гэта з той жа сферы, што было ў канцы 1990-га. Думаю, што да кастрычніка, калі пратэсты прымуць масавы і агульнарэспубліканскі характар, будуць нарастаць лакальныя абурэнні на асобных прадпрыемствах”.
На здымку: масавы мітынг працоўных на плошчы Леніна 10 красавіка 1991 года.